Былая чыноўніца Мінаблвыканкама прыгавораная да чатырох гадоў пазбаўлення волі
14.06.2016 / 10:06
Суд Клецкага раёна Мінскай вобласці вынес прысуд па крымінальнай справе аб неаднаразовым атрыманні хабараў былым галоўным спецыялістам упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Мінскага аблвыканкама.
Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Мінаблвыканкама, жанчына была затрыманая аператыўнікамі ў верасні мінулага года. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі БЭЗ высветлілі, што цяпер ужо былая чыноўніца на працягу пяці гадоў (з 2010-га па 2015-ты) неаднаразова карысталася сваім службовым становішчам, прымала незаконныя грашовыя ўзнагароды ад індывідуальных прадпрымальнікаў і службовых асоб гандлёвых прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага, Старадарожскага і Стаўбцоўскага раёнаў, за вырашэнне пытання аб станоўчым выніку праверак, якія яна праводзіла, па выкананні абгрунтаванасці фарміравання цэн на сацыяльна значныя групы тавараў і непрыцягненні да адказнасці па выяўленых парушэннях.
Як правіла, галоўны спецыяліст упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі пры вырашэнні пытанняў, якія ўваходзілі ў яе кампетэнцыю, абмяжоўвалася невялікімі сумамі хабараў і прадуктамі харчавання. Тым не менш з часам «стаўкі за паслугі» раслі. Усяго падчас следства ўстаноўлена 24 факты атрымання хабару.
Суд Клецкага раёна прызнаў былую чыноўніцу вінаватай у неаднаразовым атрыманні хабараў і прызначыў ёй пакаранне (на падставе ч. 2 арт. 430 КК) у выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю на працягу пяці гадоў.
Пакуль прыгавор суда ў законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны.