Кіраўнік РФС заклікаў расійскіх заўзятараў у Францыі падпарадкавацца патрабаванням паліцыі

Расійскія фанаты ў Францыі, якія падлягаюць дэпартацыі, павінны падпарадкавацца патрабаванням мясцовых уладаў, заявіў кіраўнік Расійскага футбольнага саюза Віталь Мутко. Паводле яго слоў, пакуль заўзятары «паводзяць сябе досыць самастойна»

14.06.2016 / 13:29

AFP

«Ва ўладаў Францыі ёсць свае патрабаванні, трэба падпарадкоўвацца патрабаванням уладаў, і тады будзе ўсё нармальна», — заявіў міністр.

Мутко растлумачыў, што пасля аналізу падзей у Марсэлі некаторых з ліку расійскіх заўзятараў ідэнтыфікавалі як завадатараў беспарадкаў. Паводле яго слоў, улады прынялі рашэнне аб дэпартацыі гэтых людзей, але яны «не выходзяць з аўтобуса і не жадаюць выконваць іх патрабаванні».

«На месца едзе консул, ён павінен паспець прыехаць. Як консул прыедзе, ён дапаможа іх вывесці з аўтобуса», — распавёў кіраўнік РФС і адзначыў, што пакуль заўзятары «паводзяць сябе досыць самастойна».

«Ідзе дыялог, мы працуем», — сказаў на заканчэнне Мутко.

***

Французскія праваахоўнікі ў гатэлі ў Мандэлье-ла-Напуль пад Марсэлем правяраюць асобы 29 расіянаў і ўжо прынялі рашэнне аб дэпартацыі некалькіх з іх, паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на AFP, якое ў сваю чаргу спасылаецца на мясцовыя ўлады. Дакладная колькасць расіянаў, якія падлягаюць дэпартацыі, не ўдакладняецца. Як адзначае агенцтва, іх падазраюць у тым, што яны ўяўляюць пагрозу грамадскаму парадку.