Мінулай ноччу ў Мінску выпала больш за 30% месячнай нормы ападкаў
15.06.2016 / 11:00
Амаль трэць месячнай нормы ападкаў — 31,7% — выпала ў Мінску ў ноч на 15 чэрвеня.
Як вынікае з аператыўнай карты пагоднага рэсурсу meteoinfo.by, колькасць ападкаў склала 26 мм, або 26 літраў вады на квадратны метр тэрыторыі. Норма ўсяго чэрвеня — 82 мм.
Столькі ж ападкаў зарэгістравана ноччу ў Брэсце (33,3% месячнай нормы), а іх найбольшая колькасць адзначаная ў Стоўбцах (Мінская вобласць) — 30 мм (40%).
Гідрамет папярэдзіў пра навальніцы і ліўні да канца дня 15 чэрвеня. У наступныя дні прыкметна пацяплее, і месцамі тэмпература перавысіць 30-градусную адзнаку.