Еўрасаюз на год падоўжыў санкцыі супраць Крыма
17.06.2016 / 17:50
Краіны Еўрасаюза працягнулі на год санкцыі, уведзеныя ў 2014 годзе супраць Крыма і Севастопаля, анексаваных Расіяй.
Reuters
У паведамленні Еўрасаюза, якое цытуе ВВС, гаворыцца, што санкцыі падоўжаныя да 23 чэрвеня 2017 года.
Гэта значыць, што краінам Еўрасаюза яшчэ на год забаронены імпарт тавараў з Крыма, любыя інвестыцыі ў эканоміку паўвострава, а таксама экспарт у Крым асобных відаў тавараў і паслуг.
У той жа час т.зв. губернатар Севастопаля Сяргей Мяняйлаў лічыць, што ў падаўжэнні санкцый ЕС у дачыненні да Крыма няма ніякай катастрофы, паўвостраў адаптуецца да санкцыйнага рэжыму.
Мяняйлаў падкрэсліў, што санкцыі перш за ўсё наносяць шкоду эканомікам тых дзяржаў, якія іх ініцыявалі і падтрымліваюць. «Для нас нічога катастрафічнага няма. Мы ўжо трэці год жывём ва ўмовах санкцый. Нас гэта падштурхоўвае да развіцця сваёй эканомікі без залежнасці ад заходніх кірункаў», — сказаў Мяняйлаў РІАН.
Пры гэтым, паводле яго слоў, нельга сказаць, што эканоміка рэспублікі «цалкам адаптавалася за такі кароткі тэрмін». «Але я думаю, што па гэтым кірунку мы ідзем», — сказаў Мяняйлаў.