Забытая трагедыя
21 траўня — Дзень генацыду чаркескага народу, учыненага Расейскай імпэрыяй. Генацыду народу, які пакінуў сьляды і ў гісторыі Беларусі. Піша Сяргей Богдан.
20.05.2008 / 18:35
21 траўня — Дзень генацыду чаркескага народу, учыненага Расейскай імпэрыяй. Генацыду народу, які пакінуў сьляды і ў гісторыі Беларусі. Піша Сяргей Богдан.
21 траўня — Дзень генацыду чаркескага народу, учыненага Расейскай Імпэрыяй. У гэты дзень у 1864 годзе на месцы будучай Краснай Паляны адбыўся апошні няроўны бой чаркескага аддзелу з расейскімі войскамі, чым скончылася шматгадовая захопніцкая вайна Расеі на Каўказе. У выніку разьні чаркесы ператварыліся з паўтарамільённай мацнейшай народнасьці рэгіёну ў купку плямёнаў. Сьляды колішняе славы чаркесаў можна адшукаць ня толькі сярод каўкаскіх скеляў, але і ў гісторыі Беларусі. У ёй чаркесы прысутнічалі, граючы збольшага станоўчую ролю, цягам стагоддзяў.
Каўкаскія ваяры гетмана Астроскага
Можна меркаваць, што першыя чаркесы зьявіліся ў нашым краі разам зь іншымі перасяленцамі з Усходу, якіх (памылкова) прынята зваць выключна татарамі. Тых з ХIV стагоддзя запрашалі вялікія князі, збольшага як ваенных спэцыялістаў. Чаркесы ў старабеларускай мове называліся пяцігорцамі ад «Пяцігор’я» — вобласьці Каўказа паміж Церакам і Кубаньню (цяперашнія Кабардына‑Балкарыя, Карачаева‑Чэркесія і часткова Стаўрапольскі край). Чаркесаў сярод імігрантаў з Усходу было няшмат, але дзякуючы сваёй ваеннай тэхналёгіі яны мелі значны ўплыў.
Дзякуючы ім у войску ВКЛ зьявілася надзвычай эфэктыўная лёгкая пяцігорская кавалерыя, што амаль ня мела брані, але мела адмысловыя дзіды. Пазьней яна фармавалася ўжо і з тутэйшых татараў ды іншай шляхты, але самая ідэя мела каўкаскае паходжаньне. Хлопцы‑пяцігорцы згадваюцца і ў вядомай песьні пра пераможную Аршанскую бітву з маскоўскім войскам:
- А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы‑пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
У 1550‑1560‑гадох адна з чаркескіх абласьцей — Кабарда трапляе ў залежнасьць ад Масквы. Ратуючыся ад Івана Жахлівага, у 1562 годзе пяць кабардынскіх князёў уцякаюць з Каўказа ў Рэч Паспалітую, разам з сваімі сем’ямі і ваярамі. Маскоўскі тыран паспрабаваў вярнуць іх, але пяцігорцы, сустрэўшы добры прыём у караля, засталіся ў нашай краіне. Бальшыня іх ужо была праваслаўнымі, але некаторыя былі паганцамі. Пазьней нашчадкі ваяроў застануцца праваслаўнымі, а князі стануць каталікамі.
Асабліва вызначыцца гераізмам пяцігорскі князь‑перасяленец Цемрук, што камандаваў пяцігорскімі харугвамі ў войску Рэчы Паспалітай. У крыніцах занатавана, што калі 13 красавіка 1572 году магутнае турэцкае войска атакавала сілы Рэчы Паспалітай у Малдове, усе войскі Рэчы Паспалітай уцяклі з поля бою і толькі Цемрукова пяцігорская харугва засталася і ваявала, пакуль іншыя не ачомаліся і не вярнуліся, каб спыніць туркаў.
Культурнае ўзаемадзеньне паміж чаркесамі і Рэччу Паспалітай было даволі рэгулярным. Польскі гісторык Б. Бараноўскі ў кнізе «Россия, Польша и Причерноморье в XV‑XVIII вв.» (М.: Наука, 1979) піша, што вопратка паслоў Рэчы Паспалітай у XVII ст. нічым не адрозьнівалася ад грузінскай ці чаркескай. Кароль Ян Сабескі апранаўся зазвычай у каўкаскую вопратку. Пра тое, якая была мода ў краі чаркесаў ці Грузіі, ён даведваўся ад пасланцаў. Сёдлы і конская вупраж таксама вырабляліся па чаркескай ці грузінскай модзе. Нават у XVII ст., нагадвае Бараноўскі, на вайсковай службе Рэчы Паспалітай знаходзілася «шмат чаркесаў і іншых горцаў Каўказа, якіх звычайна таксама называлі чаркесамі, пяцігорцамі, людзьмі з Бэштаў» [гэта сынонімы кабардынцаў — усходніх чаркесаў] і г. д. Часам нават цэлыя чаркескія аддзелы наймаліся на службу Рэчы Паспалітай. «Іх заслугі былі вялікія ў барацьбе з туркамі і татарамі, і асабліва з швэдамі. Пра ўплыў чаркескага вайсковага майстэрства на Рэч Паспалітую можа казаць тое, прыкладам, што ў літоўскім войску XVII ст. былі шматлікімі так званыя аддзелы пяцігорскай кавалерыі. Меліся таксама ўзброеныя, а часткова і апранутыя на чаркескі капыл аддзелы, у якіх служылі галоўным чынам палякі, беларусы, украінцы і ліцьвіны».
Таму часам цяжка зразумець з крыніцаў, ці ідзецца пра сапраўдных чаркесаў, ці пра тутэйшых жыхароў у чаркескіх палках. Пяцігорцы другога тыпу (то бок тутэйшыя) згадваюцца і сярод удзельнікаў паходу на Маскву ў 1612‑м годзе, побач з лісаўчыкамі.
Паўстаньні — ад Беларусі да Каўказа
У пазьнейшыя часы пяцігорскія харугвы існавалі таксама, але пяцігорскімі пачалі называць таксама панцырныя харугвы, і зь цягам часу паняткі зьмяшаліся. Пасьля вайсковай рэформы 1776 году пяцігорскія харугвы былі пераўтвораныя ў 2‑ю Пяцігорскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага (вядомую як Пінская, бо разьмяшчалася ў Пінску і ваколіцах). Брыгада гераічна ваявала ў апошнія гады Рэчы Паспалітай супраць расейскай арміі і брала ўдзел у бітве пад Мірам, абароне Вільні, абароне варшаўскага прадмесьця Прагі ды бітве пад Мацяёвіцамі. Так разам з краінай загінула каўкаская традыцыя войскаў ВКЛ.
Наступны разьдзел стасункаў з чаркесамі будзе напісаны ўжо ў ХІХ стагоддзі. Тады выгнанцы зь земляў былое Рэчы Паспалітай шукалі паратунку пасьля няўдалых антырасейскіх паўстаньняў у Брытаніі, якая, у сваю чаргу, у 1830‑х гадох спрабавала пры дапамозе туркаў і саюзных тым чаркесаў адстаяць свае інтарэсы ў супрацьстаяньні зь Пецярбургам. Эміграцыйнае атачэньня князя Адама Чартарыскага ў гатэлі «Lambert» зь імпэтам імкнулася наладзіць супрацу з каўкаскімі народамі, але місія Людвіка Зьвяркоўскага і Казімера Гардона ў Чаркесію ў 1844 годзе правалілася.
Толькі на сыходзе Крымскай вайны Францыі і Брытаніі з Расеяй з брытанскай падтрымкай удалося сфармаваць з дабраахвотнікаў і дэзэртыраў з расейскага войска 120‑асабовы аддзел артылерыі (6 гарматаў) пад камандаваньнем Тэафіла Лапінскага. У лютым 1857 году гэты аддзел высадзіўся з брытанскага параплава ў раёне Геленджыка і заснаваў там умацаваную базу, вакол якой пачалі зьбірацца аддзелы чаркесаў. Але ўжо 20 чэрвеня расейскія войскі выбіваюць Лапінскага з базы. Ён адступае з сваім аддзелам у горы, дзе ваюе яшчэ нейдзе год.
Гісторыя экспэдыцыі Лапінскага была нядоўгай і няўдалай, бо чаркескае і дагестанскае супраціўленьне дажывалі ў той час свае апошнія месяцы. Высланая Вітальдам Чартарыскім падчас паўстаньня 1863 году на Каўказ вайсковая група палкоўніка Клеменса Праўлоцкага ўжо наагул ня мела ніякіх шанцаў падбухторыць каўказцаў на новае паўстаньне супраць Расеі. Яна высадзілася ў Чаркесіі ў верасьні 1863 году і дзейнічала да сакавіка 1864‑га.
* * *
Чаркесы заплацілі тады найвялікшую цану за спробу быць свабоднымі — іх выбілі ці змусілі да забойчай дэпартацыі амаль цалкам. Гэта быў першы такога кшталту генацыд — арганізаванае вынішчэньне народу, як такога — у сучаснай гісторыі сьвету. Ён быў больш татальны за наступныя Генацыд армянаў і Галакост габрэяў. Чаркесы дагэтуль змагаюцца за выжываньне, а злачынства супраць іх забытае. Наколькі забытае — відаць зараз, бо нікому ня прыйдзе ў галаву ладзіць Алімпіяду ў Асьвенцыме, але ў Сочы і Краснай Паляне, будуючы стадыёны на магілах ахвяраў генацыду — калі ласка. Ці памятае хто пра чэркесаў?