«Скажыце, што я сплю, і гэта кепскі сон» — лідары ЕС эмацыйна рэагуюць на рэферэндум у Брытаніі

Лідары краін Еўрасаюза эмацыйна рэагуюць на вынікі рэферэндуму ў Брытаніі аб членстве ў ЕС, па выніках якога большасць прагаласаваўшых выказаліся за выхад з блока.

24.06.2016 / 10:03

«Чорт вазьмі! Дрэнны дзень для Еўропы», — напісаў у твітары віцэ-канцлер Германіі Зігмар Габрыэль. Кіраўнік германскага МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер таксама назваў вынікі галасавання «сумным днём для Еўропы і для Брытаніі».

«Калі ласка, скажыце мне, што я сплю і што ўсё гэта толькі дрэнны сон!» — напісаў былы прэм'ер-міністр Фінляндыі Аляксандр Стуб.

Член парламента Нідэрландаў Герт Вілдэрс, наадварот, выказаў радасць з нагоды вынікаў «брэксіта».

«Ура Брытаніі! Цяпер наша чарга. Надышоў час нідэрландскага рэферэндуму!» — заявіў палітык у твітары.

Лідар французскай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пен таксама ўхваліла рашэнне брытанскіх выбаршчыкаў.

«Перамагла свабода! Як я ўжо кажу многія гады, мы павінны правесці такі ж рэферэндум у Францыі і ў іншых краінах ЕС», — напісала яна.

Па выніках падліку, 52% брытанцаў прагаласавалі за выхад краіны з Еўрасаюза.