Галоўны трэнер зборнай Англіі сышоў у адстаўку пасля паразы ад Ісландыі

28.06.2016 / 07:32

uefa.com

Галоўны трэнер зборнай Англіі па футболе Рой Ходжсан абвясціў пра адстаўку. Гэта адбылося адразу пасля таго, як ангельцы прайгралі ў 1/8 фіналу Еўра-2016 Ісландыі (1:2). Англічане лічыліся фаварытамі ў гэтай пары.

Кантракт Ходжсана мінаў пасля Еўра-2016, але пры гэтым з ім мог быць падпісаны новы дагавор - у выпадку паспяховага выступлення на турніры.

Ходжсан узначаліў зборную Англіі чатыры гады таму, стаўшы зменшчыкам Фабіа Капэла. Пад яго кіраўніцтвам каманда выйграла ўсяго толькі тры гульні з 11 у фінальных стадыях буйных турніраў. На ЧС-2014, напрыклад, англічане не выйшлі з групы, набраўшы ў трох матчах толькі адзін бал.