Славакія ўпершыню ўзначаліла Раду Еўрасаюза

01.07.2016 / 08:04

З 1 ліпеня старшынства ў Радзе Еўрапейскага саюза па прынятым прынцыпе шасцімесячнай ратацыі перайшло да Славакіі.

Славакія, якая далучылася да ЕС толькі ў 2004 годзе, упершыню выконвае гэтыя паўнамоцтвы.

Славацкі прэм'ер-міністр Роберт Фіца заявіў, што будзе настойваць на змене вектару агульнаеўрапейскай палітыкі па многіх пытаннях, якія цяпер, на яго погляд, вырашаюцца неэфектыўна.

У першую чаргу гэта тычыцца праблемы мігрантаў.

«Істотныя рашэнні пра будучыню Еўропы не могуць грунтавацца на рашэннях аднаго або двух членаў саюза або рашэннях яго краін-заснавальнікаў», — лічыць Фіца.

У мінулым годзе кіраўніцтва Славакіі адмовілася ўдзельнічаць у плане па размеркаванні бежанцаў згодна з квотамі ў кожнай з краін Еўрасаюза.

Раней Роберт Фіца таксама выказаўся па праблеме «брэксіту» і прапанаваў лідарам ЕС сабрацца ў верасні ў Браціславе на нефармальны саміт, прысвечаны будучыні саюза ў выпадку выхаду з яго Вялікабрытаніі.