Футбаліст «Ашмянаў» сцвярджае, што быў збіты міліцыяй пры затрыманні па падазрэнні ў арганізацыі дамоўленага матча
05.07.2016 / 01:14
23-гадовы футбаліст Сяргей Булынянок 2 ліпеня быў збіты пасля матча 11-га тура першай лігі чэмпіянату Беларусі паміж камандамі «Ашмяны» — «Прамень» (Мінск).
Паўабаронца ў мінулым сезоне дапамагаў «Крумкачам» здабываць тур у вышэйшую лігу.
Цяпер выхаванец школы менскага «Тарпеда» знаходзіцца ў аддзяленні нейрахірургіі ў сталічнай лякарні хуткай дапамогі на вуліцы Кіжаватава. Спартоўцу спатрэбіцца аперацыя.
Сам футбаліст «Ашмянаў» пра свае прыгоды пасля шараговай суботняй гульні распавёў наступнае:
— Пазаўчора ў нас быў матч з мінскім «Праменем». Пасля гульні ехалі дадому, у аўто былі я і яшчэ чатыры чалавекі. І калі ад'ехалі недалёка ад Ашмянаў, нас спынілі два аўтамабілі. Адзін падрэзаў злева, другі быў ззаду. Выскачылі пяцёра моцных узброеных хлопцаў у масках і пачалі нас выкідаць з салона.
І калі астатніх проста паклалі тварам на асфальт, рукі за галаву, то мяне ўдарылі па твары, хоць супраціву я не аказваў. Потым сталі пытацца ва ўсіх імя і прозвішча. Калі паднялі мяне, запыталі: «Ты ў курсе, што гэта такое?». Адказаў: «Не, не ў курсе».
«Вы цяпер згулялі дамоўлены матч, — кажуць. — Мы бачылі вашу каманду напярэдадні вечарам у парку, дзе вы размаўлялі з літоўцам з нагоды выніку матча з «Праменем». Ты сапраўды там быў, мы вас бачылі!».
Але Сяргей сцвярджае, што ў той вечар быў з сябрамі і ні пра якіх літоўцаў нічога не ведае. Ён кажа, што знаходзіўся ў стане шоку, нічога не разумеў, хто гэта такія, і што яны збіраюцца з намі рабіць, было рэальна страшна за сваё жыццё. І калі яго паставілі перад камерай, то сказаў усё, што ад яго патрабавалі: «Так, я там быў», і іншае трызненне ў такім ключы».
— Потым нас пасадзілі ў розныя машыны, мяне павезлі ў аддзел у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй у Мінску і Мінскай вобласці. Здаецца, так гэта называлася, гэта ў раёне вуліцы Рэвалюцыйнай, непадалёк ад кавярні «Закон бутэрброда». І тады мне стала спакайней, зразумеў, што знаходжуся ў сценах дзяржаўнай установы.
Пачаўся допыт, і я сказаў на камеру тое, што і падчас захопу, бо баяўся за сваё жыццё. І распавёў праўду — пра тое, што ў ніякіх сустрэчах з літоўцам з нагоды дамоўных матчаў не ўдзельнічаў і нічога пра гэта не ведаю. Сказаў, што быў у горадзе з сябрамі. А калі б такія размовы вяліся, то не ўдзельнічаў бы ў такім матчы, а проста сабраўся і з'ехаў бы ў Мінск. Таму што для мяне ўдзел у такіх справах непрымальны.
Яны ўсё гэта запісалі ў пратаколе і запыталіся ў мяне: «Ты разумееш, што калі нахлусіў, то цябе чакае пакаранне?». Але я сказаў праўду, маё сумленне чыстае.
Адпусцілі Сяргея, паводле ягоных слоў, каля гадзіны ночы. З братам яны ездзілі па паліклініках і лякарнях. У выніку ў футбаліста дыягнаставалі зрушэнне сківіцы, пералом скулы і костачкі пад вокам.«Сказалі, што блізу двух тыдняў трэба лячыцца ў лякарні. Астатніх хлопцаў таксама дапытвалі, пасля чаго адпусцілі. Але, на шчасце, іх пры затрыманні так не збілі».
Бацькі Сяргея Булынянка паехалі даведацца, што адбылося. Выявілася, былі затрыманыя яшчэ людзі з футбольнага клуба «Прамень». Нібыта нейкі літовец некаму з гульцоў нейкія грошы перадаваў, вядзецца расследаванне.
— Што далей? Пакуль дакладна нічога не ведаю. Сказалі, што вядзецца расследаванне і што з'явіліся нейкія вынікі. А што тычыцца збіцця пры затрыманні, то растлумачылі, што не могуць кантраляваць гэтую групу захопу, якую наймаюць. Маўляў, гэтыя хлопцы пры затрыманні дзейнічаюць на сваё меркаванне, — распавёў Сяргей Булынянок.
Адзначым, што матч паміж «Ашмянамі» і «Праменем» скончыўся ўнічыю — 3:3. Прычым падчас сустрэчы «Ашмяны» двойчы вялі з розніцай у два мячы (2:0, 3:1), але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы трэці гол на 82-й хвіліне з пенальці.
«Ашмяны» займаюць апошняе месца ў першай лізе, а «Прамень» да візіту да аўтсайдару размяшчаўся на 3-м радку, але пасля нічыёй споўз на 4-ю пазіцыю.
Дарэчы, збіты сілавікамі пры затрыманні і абвінавачаны імі ва ўдзеле ў дамове Сяргей Булынянок выйшаў у гэтым матчы на замену на апошняй 90-й хвіліне пры ліку 3:3, які потым не змяніўся.
Са словаў футбаліста, раней ён звярнуўся да клуба з просьбай скасаваць кантракт, але ў «Ашмянах» яго папрасілі дагуляць да фінішу першага кола. Як адзначыў паўабаронца, ён паведаміў у клуб пра свае праблемы і там усе знаходзяцца ў замяшанні.
Журналісты датэлефанаваліся ў ФК «Ашмяны», але прэс-служба ад каментароў пакуль устрымалася.
З просьбай пацвердзіць інфармацыю аб збіцці футбаліста Сяргея Булынянка, аб затрыманні прадстаўнікоў менскага клуба «Прамень», а таксама пракаментаваць правамернасць дзеянняў сілавікоў мы звярнуліся ў прэс-службу МУС.
— Што тычыцца інфармацыі з нагоды футбаліста «Ашмянаў», то ім была напісаная заява. Паводле факта гэтай заявы праводзіцца праверка. І яе вынікі будуць намі абавязкова апублікаваныя. Паводле вынікаў гэтай праверкі будуць вызначаныя правамернасць затрымання і дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праводзілі затрыманне. З нагоды затрымання прадстаўнікоў клуба «Прамень» інфармацыя будзе размешчаная на афіцыйным сайце МУС у найбліжэйшы час, - растлумачыў намеснік начальніка прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Георгій Еўчар.