Яшчэ адно дзіця выпала з акна. У Лоеве загінула 3-гадовая дзяўчынка

05.07.2016 / 14:11

Дзяўчынку, якая выпала з акна пяціпавярхоўкі, каля дома выявіла прахожая. Дзіця яшчэ жывым прывезлі ў бальніцу, але выратаваць малую дактары не здолелі.

Трагедыя адбылася ў Лоеве (Гомельская вобласць) 4 ліпеня прыкладна ў 19.20. Папярэдне ўстаноўлена, што маці дзяўчынкі ненадоўга выйшла з дому, пакінуўшы спячую дачку ў кватэры адну. Двое яе старэйшых дзяцей гулялі на вуліцы, муж жанчыны быў на працы.

— Дзіця выпала з акна чацвёртага паверха. Дзяўчынку даставілі ў Лоеўскую цэнтральную раённую бальніцу, але, нягледзячы на намаганні дактароў, праз гадзіну яна памерла, - паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Сям'я, у якой здарылася трагедыя, характарызуецца як станоўчая.