Падазраваны ў забойстве пенсіянеркі з Дзятлаўскага раёна затрыманы ў Мінску

06.07.2016 / 12:03

Дзятлаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу па факце забойства заведама састарэлай асобы (п. 2 ч. 2 арт. 139 КК), паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Каля 17 гадзін 5 ліпеня ў вёсцы Барташы Дзятлаўскага раёна мясцовыя жыхары заўважылі ў жылым доме 75-гадовай жанчыны, якая жыла адна, разбітае акно і раскіданыя ўнутры памяшкання рэчы, пра што паведамілі ў праваахоўныя органы. Следчыя, эксперты і супрацоўнікі міліцыі, прыбыўшы на месца здарэння, знайшлі ў доме цела гаспадыні з множнымі колата-рэзанымі ранамі.

Эксперты аператыўна накіравалі ўзятыя з месца здарэння сляды ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці для праверак па крыміналістычных уліках. У выніку на працягу некалькіх хвілін, яшчэ на стадыі агляду месца здарэння, устанавілі раней судзімага 19-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна, якому належаў адзін са слядоў.

Пра магчымае дачыненне да злачынства згаданай асобы сведчыла і інфармацыя, атрыманая аператыўнымі супрацоўнікамі міліцыі. Акрамя гэтага, шэраг паралельна праведзеных следчых дзеянняў дазволіў вызначыць, што забойства пенсіянеркі было ўчыненае ўвечары 4 ліпеня.

Падазраваны быў затрыманы ў раёне чыгуначнага вакзала Мінска. У яго канфіскаваны нож, а на вопратцы выяўленыя сляды, характэрныя для ўчынення забойства. З мэтай высвятлення ўсіх абставінаў злачынства, у тым ліку матываў, праводзіцца комплекс далейшых следчых дзеянняў і экспертных даследаванняў.