Прах Магдалены Радзівіл перанясуць у Беларусь

Гэтае жаданне сям’і агучыў князь Мацей Радзівіл, які цяпер разам з Мікалаем Радзівілам гасцюе ў Мінску, распавёў «Нашай Ніве» Глеб Лабадзенка.

06.07.2016 / 23:50

7 ліпеня сям’я Радзівілаў мае намер звярнуцца да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча па дабраславенне. Яны хочуць, каб Чырвоны касцёл ужо сёлета прыняў прах Магдалены, кватэра якой месцілася ў доме, што стаіць справа ад касцёла.

Магдалена Радзівіл. Здымак забяспечаны Глебам Лабадзенкам.

Магдалена Радзівіл цяпер пахаваная разам з дачкой і блізкай сяброўкай у Швейцарыі, куды пераехала ў 1932-м годзе і дзе памерла ў 1945-м.

«Яна хацела вярнуцца ў Беларусь, — кажа Глеб Лабадзенка. — І пра гэта не сказана ў тэстаменце толькі таму, што ў 1943 годзе, калі яна яго пісала, Мінск быў акупаваны. Яна і ўявіць не магла, што калісьці яе воля зможа быць выкананая. Цяпер жа, дзякуючы нашчадкам, ёсць такая магчымасць. Паводле волі Магдалены разам з ёй была пахаваная яе блізкая сяброўка. І гэтую волю сям’я парушаць не хоча. Таму ў выпадку перапахавання абедзве кабеты знойдуць спачын у Беларусі».

Фота awaytravel.ru.

Кватэра Магдалены Радзівіл была адным з найвялікшых культурных асяродкаў беларушчыны ў тагачасным Мінску.

8 ліпеня споўніцца 155 год з дня нараджэння Магдалены Радзівіл. Глеб Лабадзенка звяртае ўвагу, што менавіта напярэдадні гэтай даты нашчадкі вырашылі агучыць знакавую навіну.

Радзівілы добра ведаюць ролю Магдалены ў беларускай культуры. Яна фінансавала беларускія школкі, першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло — выданні Беларускага выдавецкага таварыства. Плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апекавалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай. У 1918 годзе горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мацей Радзівіл. Фота Глеба Лабадзенкі.

Магдалена Радзівіл (1861—1945, у дзявоцтве — Завіша) нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. У 1906 годзе выйшла замуж за маладзейшага за сябе на 19 год Мікалая Радзівіла (1880—1914), які быў актыўным збіральнікам беларускага фальклору.

Пасля заняцця Мінска бальшавіцкімі войскамі выехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Мінск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі. Памерла 6 студзеня 1945 года там жа, у кляштары сясцёр-дамініканак. Пахаваная ў Фрыбургу.

Настасся Роўда