Больш за 1000 адвакатаў заяўляюць, што «брэксіт» не мае юрыдычнай сілы

Больш за 1000 брытанскіх адвакатаў вышэйшага рангу звярнуліся да прэм'ер-міністра Дэвіда Кэмерана з заявай, у якой яны сцвярджаюць, што вынікі рэферэндуму па пытанні аб выхадзе Брытаніі са складу Еўрапейскага саюза не валодаюць абавязковай юрыдычнай сілай.

11.07.2016 / 18:18

Фота AFP/Scanpix.

Яны таксама заяўляюць, што толькі парламент, а не ўрад ці сам прэм'ер-міністр можа задзейнічаць 50-ы артыкул Лісабонскай дамовы, які прадугледжвае працэдуру выхаду з ЕС.

Па словах адвакатаў, рэферэндум, які адбыўся 23 чэрвеня, быў толькі кансультатыўным. Адпаведна, урад павінен стварыць незалежную камісію, якая разгледзела б перавагі, рызыкі і цану «брэксіта», перш чым урад прымаў якія б то ні было рашэнні.

У лісце, адрасаваным прэм'ер-міністру, адвакаты кажуць, што існуе дастаткова доказаў таго, што на вынік рэферэндуму паўплывалі «скажэнні фактаў і абяцанні, якія не могуць быць выкананыя».

«Паколькі прыхільнікі «брэксіту» выйгралі толькі нязначнай большасцю галасоў, немагчыма не браць пад увагу, што скажэнні фактаў і абяцанні былі вырашальным альбо спрыяльным фактарам у тым, што тычыцца вынікаў [рэферэндуму]».

Адвакаты заяўляюць, што, перш чым можа быць задзейнічаны 50-ы артыкул Лісабонскай дамовы, гэтае пытанне павінна быць абмеркавана ў парламенце, а дэпутаты павінны затым прагаласаваць згодна з асабістым перакананням, а не партыйнай прыналежнасці.