ААН: рост сярэдняй тэмпературы ў 2016 годзе ўжо перавысіў усе рэкорды

22.07.2016 / 09:56

Паказчыкі глабальнай тэмпературы б'юць новыя рэкорды: па дадзеных навукоўцаў, 2016 год можа стаць самым гарачым за ўсю гісторыю назірання. Сярэдняя тэмпература першага паўгоддзя на 1,3 градуса па Цэльсіі перавышае даіндустрыяльныя паказчыкі канца XIX стагоддзя. Пра гэта паведамляе прэс-цэнтр ААН.

Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

«Гаворка ідзе не пра паказчыкі, вышэйшыя за сярэдні, — тлумачыць Дэвід Карлсан з Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА). — Мы гаворым пра паказчыкі, якія перавышаюць усе зарэгістраваныя раней рэкорды. У першым паўгоддзі мы пераўзышлі іх. Мы назіраем скачок і ў тэмпературы паветра, і ў змесце вуглякіслага газу ў атмасферы, паказчыкі якога значна перавысілі нашы чаканні, і ў хуткасці раставання арктычных леднікоў».

Высновы аб рэзкай змене клімату выкладзены адразу ў двух незалежных адзін ад аднаго дакладах, падрыхтаваных спецыялістамі акіянічнага і атмасфернага ўпраўлення ЗША і Інстытута касмічных даследаванняў імя Годарда ў НАСА.

Сярэдняя тэмпература паслядоўна расце. Чэрвень стаў 14-м месяцам у чарадзе, у якіх пабітыя рэкорды. Ніжэй за сярэднія паказчыкі XX стагоддзя тэмпература апошні раз апускалася ў снежні 1984 года.

«Кожны месяц прыносіць нам новыя рэкорды. Мы назіраем гэтую тэндэнцыю дзесяцігоддзямі, — кажа кіраўнік СМА Петэры Таалас. — У 2015/2016 годзе паказчыкі змены клімату дасягнулі новых рэкордаў на фоне магутнага феномену Эль-Ніньё».

«Глабальны награвальнік» Эль-Ніньё скончыўся, аднак парніковыя газы працягваюць аказваць уплыў на надвор'е, папярэджваюць навукоўцы. Па іх прагнозах, у сувязі з рэзкім змяненнем клімату будзе расці колькасць прыродных катаклізмаў — трапічных цыклонаў, перыядаў невыноснай спякоты і праліўных дажджоў.