У ЗША прысудзілі да 10 гадоў зняволення мужчыну, які прадаў Расіі найноўшую ваенную тэхніку
22.07.2016 / 10:02
Кіраўнік кампаніі Arc Electronics Inc. Аляксандр Фішэнка
Кіраўнік амерыканскай кампаніі Arc Electronics Inc., якая базуецца ў штаце Тэхас, Аляксандр Фішэнка быў прыгавораны да 10-гадовага зняволення за незаконныя пастаўкі найноўшай ваеннай тэхнікі ў Расію. Рашэнне было апублікавана 21 ліпеня ў федэральным судзе Нью-Ёрка.
Перад тым 50-гадовы мужчына, які меў падвойнае амерыкана-расійскае грамадзянства, прызнаў сябе вінаватым у злачынствах, уключаючы дзеянні ў якасці агента Расіі.
Па дадзеных абвінавачвання, кампанія Arc Electronics Inc. паставіла ў перыяд з 2002 да 2012 года тавараў на суму каля 50 млн даляраў.
Сярод кліентаў кампаніі было, у прыватнасці, навукова-даследчае падраздзяленне ФСБ Расіі. Сярод дэталяў, якія экспартавала Arc Electronics Inc., былі такія, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах навядзення ракет, радыёлакацыйных сістэмах і інш.
На думку пракурораў, кампанія выступала як вытворца дарожнага абсталявання і маскіравала пастаўкі, каб пазбегнуць экспартнага кантролю ЗША.