Лукашэнка патрабуе мультыплікатыўнага эфекту ў развіцці прампрадпрыемстваў
Аляксандр Лукашэнка патрабуе мультыплікатыўнага эфекту ў развіцці беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы ў Магілёве прадпрыемства «Тэхналіт».
22.07.2016 / 12:59
Фота president.gov.by
У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнту далажылі аб развіцці інавацыйных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці высакаякасных дэталей рухавікоў і гідратрансмісій, развіцці экспарту і імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка асабліва цікавіўся перспектывамі развіцця прадпрыемства.
«Тое, што створана добрая вытворчасць, — гэта факт. Але гэта зярнятка, якое добра ўзышло, прарасло. Сёння ўбяром, а заўтра трэба пасеяць, каб больш атрымаць. Павінен быць мультыплікатыўны эфект», — сказаў Прэзідэнт.
Міністр прамысловасці Віталь Воўк далажыў кіраўніку дзяржавы аб прапанове прадаставіць дадатковыя плошчы для развіцця «Тэхналіта» на магілёўскім заводзе «Строммашына», на базе якога прапануецца стварыць індустрыяльны парк з рознымі вытворчасцямі. Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў неабходнасці такога кроку.
«Мы дамаўляліся, калі прафсаюзы паставілі пытанне па «Строммашыне», што гэта прадпрыемства як адзіную каманду і тэрыторыю мы «пасадзім» на нейкую сур'ёзную вытворчасць», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, як варыянт на плошчах «Строммашыны» можна было б наладзіць вытворчасць рознага абсталявання для калійнай галіны, паколькі цяпер на яго імпарт трацяцца вялікія сродкі. «І гэта прадпрыемства («Строммашына») будзе як цэласны комплекс, яго не трэба будзе дзяліць па цэхах, і так любое прадпрыемства можна падцягнуць, калі гэтага захацець».
Як расказаў журналістам дырэктар «Тэхналіта» Аляксандр Бадзяка, прадпрыемства паспяхова працуе і развіваецца дзякуючы распрацаванай інавацыйнай тэхналогіі ліцця, якая не адноўлена нікім у свеце.
«Мы атрымліваем высокую якасць ліцця для дробных серый дэталей спецтэхнікі і занялі нішу, якая не пад сілу спецыялізаваным заводам, што масава выпускаюць такія вырабы», — сказаў ён.
Дырэктар растлумачыў, што стварэнне ліцейных вытворчасцей на прадпрыемствах, якія маюць патрэбу ў невялікіх серыях такіх дэталей, як правіла, прыводзіць да высокага сабекошту і нізкай якасці прадукцыі. «У выніку шэраг прадпрыемстваў у Беларусі і Расіі закрылі свае ліцейныя вытворчасці на карысць нашых вырабаў. Дробныя серыі дэталей, якія яны рабілі пад сябе, перадалі нам, — расказаў Аляксандр Бадзяка. — У нас сёння ўжо не хапае вытворчых плошчаў, мы будуемся і развіваемся».
«Тэхналіт» займаецца вытворчасцю камплектуючых дэталей да аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай, дарожнай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. Завод выпускае шырокую наменклатуру прадукцыі са спецыяльных зносастойкіх чыгуноў, што атрымліваюцца новым метадам ліцця — намарожваннем. Такі спосаб вытворчасці не мае аналагаў у свеце, за яго распрацоўку і прамысловую рэалізацыю прадпрыемства ўдастоена Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Такая тэхналогія ліцця, абароненая патэнтамі і аўтарскімі пасведчаннямі, забяспечвае абсалютна новыя пластычныя і зносастойкія ўласцівасці чыгуноў і дае магчымасць паспяхова замяняць імі легіраваныя сталі і бронзы ў вузлах адказнага прызначэння.
Прадукцыя «Тэхналіта» пастаўляецца на сотні беларускіх прадпрыемстваў, пачынаючы ад ваенна-прамысловага сектара да чыгункі і вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод пастаянных спажыўцоў — ААТ «МТЗ», «МАЗ», «БелАЗ», «МЗКЦ», «Гомсельмаш», ПАТ «КамАЗ», ААТ «Уральскі кампрэсарны завод».
Запатрабавана прадукцыя «Тэхналіта» і за мяжой — у Расіі, Казахстане, Украіне, краінах Еўрасаюза, ЗША. На экспарт пастаўляецца практычна 80 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства.