Заснавальніцы ансамбля «Харошкі» Валянціне Гаявой сёння спаўняецца 80 гадоў

Таленавітаму балетмайстру, народнай артыстцы Беларусі Валянціне Іванаўне Гаявой сёння спаўняецца 80 гадоў. Вось ужо больш за 40 гадоў яна з'яўляецца мастацкім кіраўніком і пастаноўшчыкам ўсіх праграм ансамбля «Харошкі».

22.07.2016 / 13:31

Гаявая — лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Валянціна Гаявая. Фота Яўгеніі Лагуноўскай.

«Вы ўнеслі неацэнны ўклад у захаванне і развіццё лепшых традыцый нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва. Менавіта з вашым імем звязаны значныя дасягненні Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», творчасць якога з'яўляецца неад'емнай часткай залатога фонду айчыннай культуры», — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі.

Нарадзілася Валянціна Гаявая 22 ліпеня 1936 года на поўдні Расіі, у пасёлку Данілаўка Валгаградскай вобласці. У 1965 годзе скончыла балетмайстарскае аддзяленне па спецыялізацыі «народны танец» Ленінградскай вышэйшай школы прафсаюзнага руху. Пасля заканчэння Валянціну Гаевую запрасілі ў знакаміты хор Пятніцкага, але па волі лёсу яна апынулася ў Беларусі.

У 1967 годзе яна стала кіраўніком дзіцячай харэаграфічнай студыі ў Магілёве, а з 1973 года працавала балетмайстрам Беларускай філармоніі. Праз год разам з Мікалаем Дудчанкам заснавала ансамбль «Харошкі». З самага пачатку яна паставіла перад сабой задачу — вывесці беларускую харэаграфію на ўзровень расійскай і ўкраінскай. У Расіі на той час былі папулярнымі ансамблі Майсеева, Надзеждзінай, Усцінавай, ва Украіне — Вірскага.

Яна пачала знаёміцца з беларускім фальклорам. Многія танцавальныя рухі, пластычныя рашэнні, беларускі каларыт, якія пазней сталі класічнымі ў выкананні «Харошак», Валянціна Іванаўна падглядвала на вяселлях, на местачковых святах, на канцэртах самадзейнасці.

У 1996 годзе «Харошкі» былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а праз тры гады атрымалі званне заслужанага калектыву краіны.

Ансамбль «Харошкі» выступае на самых прэстыжных міжнародных фестывалях. Калектыў удзельнічаў у адкрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 годзе.