Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» згуляюць з балгарскім «Рыльскі» ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
22.07.2016 / 13:43
У Мюнхене прайшло лёсаванне новага праекту ФІБА-Еўропа — першага розыгрышу баскетбольнай Лігі чэмпіёнаў, у якой выступіць і лепшы беларускі клуб «Цмокi-Мiнск».
У першым кваліфікацыйным раўндзе чэмпіёны Беларусі сустрэнуцца з балгарскім клубам «Рыльскі». Першы паядынак пройдзе 27 верасня ў Балгарыі, матч у адказ адбудзецца 29 верасня на пляцоўцы «Мінск-Арэны». У выпадку перамогі па суме дзвюх сустрэч падапечным Ігара Грышчука ў другім раўндзе адбору трэба будзе двойчы сустрэцца з ізраільскім клубам «Нагарыя» (4 і 6 кастрычніка).
Калі «Цмокі» паспяхова пройдуць другі круг кваліфікацыі, то яны патрапяць у групу А асноўнага турніру. Няўдачнікі першага і другога кваліфікацыйных раўндаў Лігі чэмпіёнаў працягнуць міжнародны сезон у розыгрышы Еўракубка ФІБА.