Сейм Польшчы прызнаў Валынскую разню генацыдам і выказаў падзяку жаўнерам Арміі Краёвай, Самаахове Літвы і Беларусі

Сейм Польшчы ўхваліў пастанову па справе ўшанаваньня памяці ахвяр генацыду, які зьдзейсьнілі ўкраінскія нацыяналісты на грамадзянах ІІ Рэчы Паспалітай у 1939—1945 гадах.

22.07.2016 / 14:15

432 дэпутаты прагаласавалі за, 10 дэпутатаў устрымаліся. Фота: PAP/Tomasz Gzell

Рэзалюцыя вызначае 11 ліпеня Днём памяці пра палякаў, ахвяр генацыду, зьдзейсьненага АУН-УПА на былой польскай тэрыторыі. У дакумэнце гаворыцца, што арганізаваны й масавы характар Валынскай разьні мае характар этнічнай чысткі й генацыду. У тэксьце ўшанаваная памяць ахвяр.

У дакумэнце таксама зьмешчаныя словы падзякі жаўнерам Арміі Краёвай, Самаахове Літвы й Беларусі й Сялянскім батальёнам, якія абаранялі палякаў, а таксама тым украінцам, якія рызыкавалі жыцьцём для ратаваньня польскіх суседзяў.

Аўтары рэзалюцыі заклікалі правесьці годнае пахаваньне і ўшанаваньне ўсіх ахвяр разьні.

Паводле падлікаў Інстытуту нацыянальнай памяці, у 1943—1945 гадах на Валыні, ва ўсходняй Малапольшчы й на Любліншчыне загінула каля 100 тысяч палякаў.