«Я адчуваю бязмежную ўдзячнасць»: сям’я і блізкія наведалі магілу Янкі Брыля ФОТА
Народны пісьменнік Беларусі пайшоў з жыцця дзесяць гадоў таму.
25.07.2016 / 23:37
Іван Антонавіч пахаваны побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай на могілках у мінскім прыгарадзе Калодзішчы.
Калі ў 2003 годзе пайшла з жыцця жонка Янкі Брыля, яе не дазволілі пахаваць ні на Усходніх, ні на Кальварыйскіх могілках. Разлучацца з каханай пісьменнік не хацеў, таму яго пахавалі побач. Янка Брыль, хоць і быў пакрыўджаны, казаў: «І тут зямля беларуская…»
Блізкія пісьменніка адзначаюць, што месца жывапіснае, на ўзгорку, аднак дабірацца да могілак складана: па дарозе амаль ніякіх указальнікаў і заблукаць вельмі лёгка.
Наведаць магілы Івана Антонавіча і Ніны Міхайлаўны прыехалі іх дзеці: Наталля, Галіна і Андрэй з жонкай Нінай Піліпаўнай. Разам з імі прыехаў і ўнук Антон Францішак Брыль.
Таксама былі геолаг Радзім Гарэцкі, гісторык Анатоль Сідарэвіч, пісьменніца Вольга Іпатава з мужам Ягорам Фядзюшыным і журналіст Міхась Скобла.
Больш за гадзіну блізкія Янкі Брыля правялі ля яго магілы. Прыгадвалі розныя эпізоды з жыцця, звязаныя з пісьменнікам і яго сябрамі, абменьваліся навінамі.
Радзім Гарэцкі і Вольга Іпатава.
«Наташа і Галя, я хачу сказаць пра сваю бязмежную ўдзячнасць, якую адчуваю да вашай сям’і, – кажа Вольга Іпатава, і на яе вочы наварочваюцца слёзы. – Гэта была першая нармальная сям’я, якую я ўбачыла. Ведаеце, як гэта ў дзіцячым доме было… Якія там сем’і. І раптам я прыязджаю ў сям’ю пісьменніка, там сядзяць дзве харошыя дзяўчынкі. І гэтая слаўная сям’я, з яе традыцыямі… Вам не перадаць. Я, можа быць, не магла гэтага выказаць. Паколькі з дзіцячага дома, то крыху дзікаватая бываю. Але вось гэтая наша сустрэча для мяне нагода сказаць вялікі дзякуй вам і вашай сям’і, якая так добра да мяне ставілася. Для мяне вялікае шчасце, што шляхі майго бацькі, маці і Івана Антонавіча сышліся і я магла да яго звяртацца як да сябра майго бацькі».
Анатоль Сідарэвіч.
Галіна Іванаўна, дачка Янкі Брыля.
Ягор Фядзюшын.
Злева направа: Антон Францішак Брыль, Андрэй Брыль і Радзім Гарэцкі.
Ніна Піліпаўна, жонка Андрэя Брыля.
10 гадоў без Янкі Брыля. Цікавыя эпізоды з жыцця пісьменніка
Непадалёк ад магілы Янкі Брыля вісіць гэты ўказальнік.