У Расіі хочуць прызнаць БНФ і «Малады фронт» экстрэмісцкімі арганізацыямі за «асаблівую русафобію»
29.07.2016 / 22:27
З незвычайнай ініцыятывай выступіў дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Вадзім Салаўёў ад КПРФ. Ён звярнуўся да генеральнага пракурора Расіі Юрый Чайкі з прапановай вывучыць дзейнасць Партыі БНФ, а таксама «Маладога фронта».
Салаўёў адзначыў, што «гэтыя арганізацыі вылучаюцца асаблівай русафобіяй і ўсхваляюць злачынцаў часоў Другой сусветнай вайны». «Падобных фактаў можа хапіць, каб прызнаць гэтыя арганізацыі экстрэмісцкімі на тэрыторыі Расіі», — адзначае таварыш Салаўёў.
«Многія беларускія нацыяналісты ўжо былі заўважаныя ў шэрагах сумніўных фарміраванняў, якія вядуць баявыя дзеянні на Данбасе. Ваююць, вядома, за Кіеў», — сказаў дэпутат.
Расійскі палітык зазначае, што да нядаўняга часу беларускія нацыяналісты былі «траваеднымі», аднак падзеі ва Украіне іх натхнілі.
Вадзім Салаўёў.
У якасці абуральных прыкладаў Вадзім Салаўёў прыводзіць тое, што сябры «МФ» выходзілі на Дзень Волі з партрэтамі Міхася Вітушкі і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
Зусім нядаўна дэпутат Вадзім Салаўёў заклікаў цалкам забараніць у Расіі гульню Pokemon GO, а таксама палохаў дэсантнікамі зборшчыкаў пакемонаў. Яшчэ гэты чалавек заклікаў праверыць сям’ю Жанны Фрыске, на што патрацілі грошы дабрачынцаў. А ЗША ён абвінавачваў у эпідэміі грыпу ў Расіі.
Мы папрасілі пракаментаваць такую ініцыятыву кіраўніка «Маладога фронта» Змітра Дашкевіча:
«Што тычыцца БНФ, то гэта выглядае вельмі дзіўна, бо ў нас нейкая ядроная саюзная дзяржава з Расіяй. А БНФ афіцыйна зарэгістраваная структура, будзе дзіўна, калі іх прызнаюць экстрэмістамі.
«Маладому фронту» ў гэтым плане прасцей, мы не зарэгістраваныя ў Беларусі і нам начхаць, што яны прымуць у Расіі.
Мы ўдзячныя дэпутату за інфармацыйную і піяр падтрымку. Пасля таго, як у Расіі ўзялі ў палон Джона Сільвера, стала зразумела, што людзям, якія выступаюць за цэласнасць украінскай дзяржавы, супраць рускага шавінізму, проста нельга ездзіць у Расію».