У праграму Алімпійскіх гульняў 2020 года ўключылі пяць новых відаў спорту
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) вырашыў ўключыць пяць новых відаў спорту ў праграму летніх Гульняў 2020 года, якія адбудуцца ў Токіа, гаворыцца на сайце камітэта.
04.08.2016 / 08:17
Фота blacksea.tv.
У праграму ўвойдуць бейсбол (сафтбол), каратэ, сёрфінг, спартовае скалалазанне і скейтбордынг. Такое рашэнне было прынята ў рамках 129 сесіі камітэта ў Рыа-дэ-Жанейра.
«Мы хочам зрабіць спорт [прывабным] для моладзі. З вялікім выбарам, які ёсць у маладых людзей, мы не можам чакаць, што яны самастойна да нас прыйдуць. Нам даводзіцца ісці да іх», — заявіў прэзідэнт МАК Томас Бах.
На яго думку, новыя пяць відаў спорту, уключаныя ў праграму, — гэта «інавацыйнае спалучэнне існуючых і новых, сфакусаваных на маладых людзях мерапрыемстваў, якія папулярныя ў Японіі».
Прапанову аб уключэнні гэтых відаў спорту ў праграму Алімпійскіх Гульняў унёс Такійскі алімпійскі камітэт яшчэ ў верасні 2015 года. Пры гэтым, як адзначае МАК, зусім неабавязкова, што гэтыя віды спорту будуць уключаны ў праграму Гульняў пасля Алімпіяды 2020 года.
У Токіа ўжо праходзілі летнія Гульні ў 1964 годзе. Рашэнне пра тое, што сталіца Японіі будзе гаспадыняй Алімпіяды, было прынята ў рамках 125 сесіі МАК у верасні 2013 года.
Цяпер у праграму летніх гульняў уваходзяць акадэмічнае веславанне, бадмінтон, баскетбол, бокс, барацьба, валейбол, гімнастыка, а таксама водныя віды спорту, веласпорт, лёгкая і цяжкая атлетыка, дзюдо, тэніс і іншыя віды спорту.