Грузінскі дзюдаіст на Алімпіядзе-2016 нагадаў расіяніну пра вайну
Грузінскі дзюдаіст Лаша Шаўдуаташвілі на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанейра пасля перамогі ў двубою з расіянінам Дзянісам Ярцавым у катэгорыі да 73 кг красамоўным жэстам нагадаў яму пра ўварванне расійскага войска ў Грузію ў 2008 годзе.
10.08.2016 / 09:08
Фота media.gettyimages.com.
Уклаўшы Ярцава на лапаткі і дачакаўшыся рашэння суддзі, Шаўдуаташвілі паказаў расіяніну на грузінскі сцяг, вышыты на яго спартыўнай вопратцы, а затым ткнуў пальцам у пераможанага суперніка.
«Лаша Шаўдатуашвілі зрабіў усё, каб менавіта ў гэты дзень пакласці на лапаткі суперніка з краіны-акупанта. Восем гадоў таму, 8 жніўня 2008 года, расійская авіяцыя бамбіла яго родны горад — Горы. «Глядзі на гэты сцяг», — паказвае жэстам расіяніну бронзавы прызёр Алімпіяды. Для мяне спрэчкі аб спартыўнай паліткарэктнасці тут недарэчы», — пракаментаваў ў Facebook дзеянні грузінскага спартсмена ўкраінскі журналіст Андрэй Цапліенка.
Шаўдуаташвілі па выніках спаборніцтваў заваяваў бронзавы медаль, які стаў першым на гэтай Алімпіядзе для Грузіі.
Фота media.gettyimages.com.