У Кобрынскім раёне пенсіянер «проста так» забіў у краме 22-гадовага хлопца
У вёску Грушава юнак прыехаў да бабулі, каб справіць 40 дзён па бацьку.
10.08.2016 / 12:50
Малады чалавек загінуў вечарам 6 жніўня. У той дзень ён зайшоў у краму ў вёсцы Грушава. Там 64-гадовы пенсіянер ударыў яго нажом у вобласць сэрца. Пацярпелы памёр на месцы. Абласныя следчыя высвятляюць абставіны гібелі 22-гадовага хлопца.
Відавочцы патлумачылі, што канфліктаў паміж падазраваным і ахвярай не было, якіх-небудзь пагроз пенсіянер не выказваў, а нажавое раненне нанёс беспадстаўна. Днём раней у пажылога мужчыны быў дзень народзінаў і ў той момант ён знаходзіўся ў стане ап'янення, паведамілі ў абласным упраўленні Следчага камітэта.
Загінулы юнак жыў у Жабінцы і працаваў пуцейцам на станцыі «Брэст-Цэнтральны». У вёску Грушава ён прыехаў да бабулі, каб справіць 40 дзён па бацьку.
Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу.
Падазраванага затрымалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Цяпер з ім працуюць следчыя.
Крымінальную справу расследуюць супрацоўнікі абласнога ўпраўлення.