Рыбак у Баранавічах спрабаваў вызваліць паплавок з чароту — і патануў

У Баранавічах у вадаёме каля Лядовага палаца ўвечары 9 жніўня патануў рыбак.

10.08.2016 / 13:29

Як паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, са слоў відавочцаў, мужчына лавіў рыбу з берага і зайшоў у ваду, каб вызваліць снасць, якая зачапілася.

Цела 50-гадовага жыхара Баранавічаў у 20.20 вынялі з вады вадалазы выратавальнай станцыі.

Па словах начальніка Баранавіцкай выратавальнай станцыі Аляксандра Мудрова, труп быў знойдзены прыкладна ў шасці метрах ад берага. Глыбіня вадаёма ў гэтым месцы каля трох метраў.

Праверку па факце смерці мужчыны праводзіць Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта.