У «Ідэала» — не ўсё ў шакаладзе. У Брэсце ліквідуецца шакаладная фабрыка
15.08.2016 / 10:28
Шакаладныя пліткі, цукеркі і наборы брэсцкай маркі «Ідэал» хутка, імаверна, знікнуць з гандлю, а фабрыка закрыецца. У эканамічным судзе Брэсцкай вобласці пачалася працэдура ліквідацыі «Першай шакаладнай кампаніі». Ці азначае гэта, што вытворчы комплекс у зоне СЭЗ «Брэст» у Каціным Бары з сучасным офісам будзе ў хуткім часе перапрафіляваны, а любімая многімі гандлёвая марка сыдзе ў нябыт?
Паступова стала знікаць з прылаўкаў магазінаў прадукцыя з гандлёвай маркай «Ідэал». У апошні час прадпрыемства працавала з перабоямі, работнікаў часта адпраўлялі ў вымушаныя адпачынкі. СТАА «Першая шакаладная кампанія» вяла перамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі, але перамовы не ўвянчаліся поспехам. І 23 мая гэтага года ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці паступіла заява аб прызнанні прадпрыемства банкрутам. Справа была прызначана да разгляду на 29 чэрвеня. Але за гэты час ўласнікі перадумалі і вырашылі пайсці па шляху ліквідацыі прадпрыемства.
«Калі б ўласнікамі прымалася рашэнне аб ліквідацыі па звычайнай працэдуры — з увядзеннем абароннага перыяду, — распавядае намеснік старшыні эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Ніна Дзяркач, — то ў прадпрыемства быў бы шанец прайсці праз працэдуру санацыі, то бок працаваць і, магчыма, аднавіць сваю плацежаздольнасць. У гэтым жа выпадку ў адносiнах да даўжнiка можа быць прынята толькі рашэнне аб ліквідацыі. Значыць, трэба звальняць працаўнікоў, пакінуўшы толькі тых, якія будуць займацца працэдурай ліквідацыі. Але калі ў працэдуры ліквідацыі будзе выяўлена, што ў прадпрыемства дастаткова маёмасці, каб разлічыцца з абавязкамі, суд спыняе вытворчасць па справе аб банкруцтве і аддае яго на меркаванне уласнікаў: альбо працягвайце ліквідацыю, альбо адмяняйце і працуйце далей».
У «Першай шакаладнай кампаніі» розніца паміж абавязкамі і коштам маёмасці не настолькі вялікая: 39 млрд руб. даўгоў у «старых» грошах і 34 млрд руб. — кошт маёмасці. Яе лёс палягчае і тое, што асноўная сума (каля 26 млрд. руб) — гэта даўгі перад банкам. Але крэдыты ў іх у асноўным у беларускіх рублях, то бок яны не будуць крытычна расці за кошт курсавых розніц. А з адкрыццём конкурснага вядзення сума будзе зафіксаваная на гэтую дату і не стане расці, як снежны ком.
«Першая шакаладная кампанія» была зарэгістраваная ў СЭЗ «Брэст» ў 1997 годзе пад «шчаслівым» нумарам 7. Спачатку прадпрыемства называлася «Беларуская кававая кампанія». Сваю цяперашнюю назву яно атрымала ў 2005 годзе. Першая прадукцыя была выпушчана ў красавіку 1998 года. Гэта было ўсяго тры віды стаграмовага пліткавага шакаладу. У далейшым асартымент пашыраўся за кошт розных гатункаў шакаладу з даданнем арэхаў і цукатаў, шакаладных цукерак (вагавых і расфасаваных у пакункі). У 2006 годзе асартымент цукерак складаў 29 найменняў. У 2000 годзе адбыліся першыя экспартныя пастаўкі прадукцыі. Фабрыка брала прызы на прэстыжных выставах, кірмашах і дэгустацыйных конкурсах у краіне і за мяжой, у тым ліку неаднаразова атрымлівала Гран-пры.
Па якім менавіта варыянце будуць развівацца падзеі, сёння сказаць цяжка. Не выключаецца, што прадпрыемства можа быць рэанімавана і працягне функцыянаваць.
Сітуацыя вызначыцца, калі на шалі будуць пакладзены, з аднаго боку, патрабаванні крэдытораў і, з другога — кошт маёмасці. Калі ўсё ж будзе прынята рашэнне аб ліквідацыі і маёмасці акажацца недастаткова, каб разлічыцца па даўгах, то розніца можа быць спагнана з заснавальнікаў прадпрыемства (іх трое).
«Ёсць дзве падставы для прыцягнення ўдзельнікаў да субсідыярнай (так званай дадатковай) адказнасці, — кажа Ніна Дзяркач. Першае — гэта давядзенне прадпрыемства да банкруцтва сваімі рашэннямі. І другое — несвоечасова прынятае рашэнне аб банкруцтве. З моманту, калі яны даведаліся, што даўгоў у іх больш, чым маёмасці, законам даецца месяц для падачы заявы аб банкруцтве прадпрыемства».
Найлепшы варыянт для крэдытораў — продаж прадпрыемства ў працэдуры банкруцтва як адзінага маёмаснага комплексу. Калі знойдзецца пакупнік, які купіць з таргоў ўсю шакаладную фабрыку, «чыстую», без даўгоў, з абсталяваннем і гандлёвай маркай, — выдатна. Такое развіццё падзей задаволіла б і ласуноў, якія паспелі палюбіць прадукцыю з гандлёвай маркі «Ідэал».
…А ў 2017 годзе «Першай шакаладнай кампаніі» споўнілася б 20 гадоў. Зараз на прадпрыемстве з колькасцю штатных супрацоўнікаў каля 40 чалавек, лінія па вытворчасці кандытаркі не працуе.