Валютная выручка Беларусі знізілася на 3 млрд даляраў
15.08.2016 / 11:11
У першым паўгоддзі валютная выручка Беларусі скарацілася амаль на 3 млрд долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць даныя Нацбанка.
У грашовым выражэнні валютныя паступленні склалі 13,7 млрд долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 18%, або на 2,96 млрд долараў.
Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ў бягучым годзе звязанае шмат у чым з памяншэннем экспартнай выручкі краіны. Паступленні ад экспарту тавараў і паслуг у студзені—чэрвені 2016 года склалі 13,4 млрд. долараў і знізіліся на 2,9 млрд у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Як сведчаць даныя аб знешнім гандлі, значны ўплыў на зніжэнне экспарту аказала сітуацыя з продажам на знешніх рынках сыравінных тавараў.
Так, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і нафты ў студзені—чэрвені склаў 3,57 млрд долараў і скараціўся ў параўнанні з першым паўгоддзем 2015 года практычна роўна на 2 млрд долараў.
Зніжэнне беларускага экспарту ў першым паўгоддзі назіралася і па іншых напрамках.
Да прыкладу, экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання склаў у першым паўгоддзі каля 1,9 млрд долараў і скараціўся на 307,4 млн долараў, або на 14% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Акрамя гэтага, экспарт беларускіх паслуг у першым паўгоддзі знізіўся на 150 млн долараў.
Варта зазначыць, што экспарт тавараў і паслуг і як следства валютная выручка Беларусі зніжаюцца ўжо чацвёрты год запар.
Так, у 2013-м у параўнанні з 2012-м экспарт знізіўся на 15,1%, у 2014-м — на 1,7%, у 2015-м — на 24,2%, і за першую палову 2016-га экспарт тавараў і паслуг скараціўся на 16,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.