Лукашэнка: Не зарабляць у Беларусі можа толькі лянівы

15.08.2016 / 13:34

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны меў магчымасць годнага заробку, аднак для гэтага неабходна прыкладаць высілкі.

president.gov.by

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, размаўляючы з жыхарамі Маларыты.

«У Беларусі толькі лянівы можа не зарабіць. Мы што, ваюем, вайна ў нас ідзе ці яшчэ нешта? Трэба проста трохі варушыцца», — сказаў кіраўнік краіны.

Лукашэнка адзначыў, што кожнаму, перш за ўсё, неабходна разлічваць на сябе. «Вы павінны разумець, што ніхто з ніадкуль грошы не возьме», - сказаў ён.

Разам з тым ён падкрэсліў, што дзяржава заўсёды акажа падтрымку тым, каму яна сапраўды неабходная. «Дапамагаць мы будзем. Калі вы зробіце крок, мы зробім насустрач крок (я маю на ўвазе ўсю краіну). А калі вы будзеце, апусціўшы рукі, сядзець і глядзець, што хтосьці вам нешта прынясе.., то, ведаеце, дапамагаюць таму, хто сам гэтага хоча», — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў плане аказання дапамогі і падтрымкі ў прыярытэце у дзяржавы шматдзетныя сем'і. «Для нас дэмаграфічная бяспека — гэта пытанне нумар адзін», — сказаў ён.

Яшчэ адна катэгорыя — вайскоўцы. «Вайскоўцаў трэба падтрымліваць, бо яны не могуць зарабіць недзе на баку», - дадаў кіраўнік дзяржавы.