Мультымільянер Павел Тапузідзіс чарговы раз узначаліць выбарчую камісію ў Сухараве
16.08.2016 / 11:13
У складзе выбарчай камісіі ўчастка для галасавання №347 Фрунзенскага раёна Мінска чарговы раз будзе працаваць грамадзянін Павел Георгіевіч Тапузідзіс. Гэта вынікае з рашэння №633 адміністрацыі Фрунзенскага раёна ад 27 ліпеня 2016 года.
Тапузідзіс — адзін з найбагацейшых людзей Беларусі, уласнік кампаніі «Тытунь-Інвест». У рэйтынгу самых паспяховых і уплывовых бізнэсменаў Беларусі, складзеным «Ежедневніком», ён займае 4-е месца.
Паводле дакументаў, Тапузідзіс вылучаецца «ад працоўнага калектыву бухгалтэрыі «Тытунь-Інвест».
«Наша Ніва» параўнала спіс ягонай камісіі з той, што быў на «ўчастку Тапудзіса» год таму на прэзідэнцкіх выбарах — глядзі скрыншоты.
Выбары-2016
Выбары-2015.
Адрозненняў два. Адно датычыцца фарматавання першага радка, іншае — спосабу вылучэння Аляксандра Казанцава, які за год паспеў уступіць у Рэспубліканскую партыю.
Летась «Наша Ніва» рабіла рэпартаж з «участка Тапузідзіса». Вынік падлікаў-2015 прадэманстраваў анамальныя лічбы, такія ж, як і на большасці іншых участкаў Мінска.
* * *