Як дзяўчаткі трапляюць у барацьбу: пяць фактаў пра медалістку Алімпіяды Марыю Мамашук
19.08.2016 / 00:33
Беларуская спартоўка Марыя Мамашук заваявала срэбраны медаль на Алімпіядзе ў Рыа па вольнай барацьбе. У вырашальнай схватцы Марыя, на жаль, саступіла японцы Рысака Каваі з лікам 6:0.
«НН» сабрала цікавыя факты з біяграфіі медалісткі.
У барацьбу трапіла выпадкова
Марыі Мамашук 23 гады. Сама яна паходзіць з пасёлка Зябраўка, які знаходзіцца за 12 кіламетраў ад Гомеля. З абласным цэнтрам Зябраўку злучае чыгунка. Мястэчка гэтае немалое — амаль на тысячу жыхароў. Адметна, што ўжо другі медаль за Беларусь бярэ чалавек з вёскі (першым быў Вадзім Стральцоў), а яшчэ ж ёсць Іван Ціхан!
Марыя кажа, што ў барацьбу трапіла дастаткова выпадкова. У школу прыехаў трэнер з Гомеля. Сяброўка зацягнула на трэніроўку, праз пару тыдняў засталася толькі Марыя і пару хлопцаў. У хуткім часе Мамашук забралі ў вучылішча нацыянальнага алімпійскага рэзерву ў Гомель.
Маці выгадавала дачку адна
Маці спартсменкі, якая працуе на птушкафабрыцы «Світанак», спачатку паставілася да такога выбару дачкі з недаверам, таму Марыя хадзіла на трэніроўкі ўціхую ад яе.
Уся сям’я Марыі Мамашук складаецца з яе і маці. Атлетка расказвала, што больш за ўсё любіць есці маміны блінчыкі і кампот. «Вельмі сумую па маме, праз шчыльны графік мы рэдка бачымся», — кажа Марыя.
Таксама яна поруч з матуляй у спартыўных заслугах ставіць свайго маладога чалавека. Імя не называе, але кажа, што ён таксама барэц. «Можа граматна падтрымаць у моманты рэдкіх зрываў».
Перад Алімпіядай змяніла вагавую катэгорыю
Раней Марыя Мамашук выступала ў катэгорыі да 63 кілаграмаў, цяпер перайшла ў да 68. Атлетка кажа, што вельмі цяжка было скідваць вагу, «сушыцца» перад стартамі: «Выступаць у новай вагавай катэгорыі вельмі цікава. Незнаёмыя суперніцы, жаданне праверыць свае сілы».
У вагавай катэгорыі да 63 кілаграмаў Мамашук была другой на чэмпіянаце Еўропы-2014, а сёлета ўжо выйграла Еўра ў катэгорыі да 68 кг. З іншых дасягненняў — бронза Еўрапейскіх гульняў і чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў.
Цяпер Мамашук трэніруецца ў славутага барца Сяргея Смаля, які таксама некалі браў медаль на Алімпійскіх гульнях, быў чэмпіёнам свету.
Рыхтавалася да Алімпіяды ў Асеціі
Калі Васіліса Марзалюк, апроч Беларусі, рыхтавалася да Гульняў ва Украіне і Балгарыі, то Марыя Мамашук паехала ў Паўночную Асецію. Ні для каго не сакрэт, што наймацнейшыя расійскія барцы якраз з Каўказа — Дагестана і Асеціі.
У інтэрв’ю газеце «Спартыўная панарама» Мамашук казала, што ездзіла туды не для трэніровак, а ў цэнтр здароўя Сяргея Бубноўскага. Асноўнай задачай гэтай паездкі было навучыцца пазбягаць траўмаў, а таксама ўмацаванне звязак і сухажылляў.
«Ехаць на Алімпіяду, каб проста паўдзельнічаць — гэта не ў маіх правілах», — казала Мамашук, хаця яе ніхто ўсур’ёз і не адносіў да алімпійскіх надзей Беларусі.
Любімая кавярня, кніга, горад
Марыя навучаецца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны на факультэце фізічнага выхавання. Дзяўчына кажа, што вольнага часу практычна не мае. Калі з’яўляецца рэдкая магчымасць, то імкнецца правесці час з сябрамі ці пачытаць кніжку. Сярод сваіх любімых аўтараў называла Джэрома Сэлінджэра і Джонатана Фоера. Любімай кавярняй называла гомельскі «Бісквіт» на праспекце Леніна за яе ўтульнасць.
З падарожжаў спрабуе прывезці значкі і традыцыйныя магніцікі на халадзільнік. З падарожжаў ёй спадабаўся Заграб, за яго маленькія ўтульныя вулачкі.
«Барацьба не жаночы від спорту? Ды не. Можна ж і хадзіць не з доўгімі, але акуратнымі пафарбаванымі пазногцямі, прыгожай прычоскай», — казала яна ў адным тэлеінтэрв’ю.
А вось з сацыяльных сетак Марыя Мамашук перад Алімпіядай прадбачліва выдалілася.