Мясніковіч: У Беларусі неабходна ўвесці патэнтавую сістэму для самазанятых
24.08.2016 / 22:05
У Беларусі неабходна ўвесці патэнтавую сістэму для самазанятых. З такой ініцыятывай выступіў старшыня Савета Рэспублікі, былы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 24 жніўня на пашыраным пасяджэнні прэзідыума верхняй палаты парламента.
«Трэба, мяркую, перагледзець існуючы парадак, лібералізаваць яго і ўводзіць дазвол на самазанятасць, перш за ўсё патэнт для самазанятасці, і вызначыць прававы статус самазанятага. Кошт патэнта самазанятасці мог бы быць блізкім да памеру адзінага падатку. Неабходныя меры падтрымкі самазанятасці: мікракрэдытаванне, бязвыплатнае прадастаўленне памяшкання, кансультацыі», — заявіў Мясніковіч ў эфіры тэлеканала СТВ.
На думку экс-прэм'ера, такая мера дасць магчымасць легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без атрымання статусу індывідуальнага прадпрымальніка. «Рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі працу, выхад з ценю доўгі час не працуючых, але уцягнутых у ценявую занятасць людзей», — цытуе Мясніковіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу на тое, што тэрмін «самазанятасць» у беларускім заканадаўстве адсутнічае. Паводле яго слоў, да самазанятых могуць быць аднесеныя асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці ІП, — рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. «Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абароненыя, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе», — адзначыў экс-прэм'ер.
Старшыня Савета Рэспублікі ўпэўнены, што самазанятасць можа сумяшчацца і з асноўнай працай па працоўнай дамове. Пры паспяховым вядзенні бізнэсу самазанятасць зможа перайсці да статусу ІП, падкрэсліў ён.
Кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку, лічыць Мясніковіч. «Фіскальны эфект будзе невысокім, але ён перакрываецца па значнасці сацыяльным эфектам. Самазаняты не будзе атрымліваць сацыяльнай дапамогі, але ён не дэградуе, ён забяспечвае сябе працай, корміць сям'ю, аказвае значныя паслугi або вырабляе запатрабаваныя тавары. У сацыяльным плане ён не беспрацоўны, што таксама важна для чалавека», — заявіў Мясніковіч.
Ён прывёў у прыклад рамесную дзейнасць і падкрэсліў, што ў краіне толькі 6,6 тыс. рамеснікаў. «Узнікае пытанне, чаму не атрымлівае развіццё гэтая форма занятасці. На думку МПЗ, асноўная прычына — у жорсткіх і не заўсёды абгрунтаваных патрабаваннях з боку ўзгадняючых арганізацый. Напрыклад, каб праводзіць тэхабслугоўванне і рамонт аўтатранспартных сродкаў, фiзiчнай асобе трэба атрымаць дзевяць узгадненняў, у тым ліку ад санітарнай службы, Мінпрыроды, Дзяржстандарту, Мінгандлю, выканкамаў і гэтак далей», — сказаў спікер СР НС.