Амаль 200 чачэнцаў сабраліся каля пераходу «Брэст» — польскія памежнікі не прымаюць іх у якасці бежанцаў

29.08.2016 / 21:44

Амаль 200 чачэнцаў, якіх польскія памежнікі не прымаюць у якасці бежанцаў, днём 29 жніўня сабраліся каля беларускага памежнага пераходу «Брэст» на беларуска-польскай мяжы.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, у іх ліку былі тыя, хто беспаспяхова спрабаваў пераехаць мяжу праз гэты аўтадарожны пункт пропуску аўтобусам, а таксама цягніком Брэст — Тэрэспаль.

«Такім чынам бежанцы з Чачні спрабавалі прыцягнуць увагу да сваёй праблемы. Паводле слоў некаторых, яны жывуць у Брэсце некалькі месяцаў і кожны дзень робяць спробы выехаць у Польшчу, каб атрымаць там статус бежанца. Чачэнцы кажуць, што пакідаюць радзіму, бо жыць там немагчыма», — дадаў праваабаронца.

Паводле звестак БелаПАН, ніхто з чачэнцаў 29 жніўня затрыманы не быў.