Кандыдат ад БНФ Ілля Дабратвор па-руску заклікаў да мяккай беларусізацыі
01.09.2016 / 22:04
Ілля Дабратвор выступіў са сваімі тэлезваротам па СТВ як кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Сеніцкай акрузе Мінскай вобласці.
Фота Іллі Дабратвора з сацыяльных сетак
Дабратвор пачаў з таго, што любіць сваю краіну і сям'ю.
— Гэта ўжо нямала. Для таго, каб нам з вамі жылося лепш, кожны з нас павінен пачаць з сябе.
Дабратвор паабяцаў уважліва разглядаць і выконваць усе законныя патрабаванні сваіх выбаршчыкаў.
— Я наняты вамі на працу, я такі ж, як вы, я — адзін з вас.
Пасля палітык выступіў супраць кантрактнай сістэмы, якую назваў «сучасным выглядам рабства».
На думку Дабратвора, еўрапейскаму выбару Беларусі няма альтэрнатывы.
— Я - бацька пяцярых дзяцей, падтрымка інстытута сям'і — мая першачарговая задача.
Беларускую мову і культуру прадстаўнік БНФ назваў падмуркам, на якім будуецца ўся краіна. Выступаў ён, аднак, па-руску.
— Сам я размаўляю па-беларуску і мару, што вельмі хутка ў нас у краіне беларускую мову можна будзе чуць паўсюль. Пры гэтым я супраць гвалтоўнай і брутальнай беларусізацыі. Мы з вамі досыць разумныя, каб па ўласнай ініцыятыве адрадзіць нашу культуру.
Згодна са словамі Дабратвора, ён як індывідуальны прадпрымальнік ведае праблемы бізнэсу. Сярод іх ён назваў бюракратыю.
— Заводы закрываюцца або працуюць у страту, краіна апускаецца ў застой і апатыю. Эканамічныя рэформы непазбежныя. Не трэба дапамагаць бізнэсу, проста не перашкаджайце нам працаваць.
Кандыдат ад БНФ выступіў за баяздольную, прафесійную армію: «Абарона радзімы павінна стаць не толькі прэстыжнай, але і выгаднай».
Дабратвор падтрымаў ідэю прыватнай уласнасці на зямлю, заявіў аб неабходнасці рэфармаваць сістэму аховы здароўя і адукацыі.
— Мае дзеці ходзяць у звычайны садок, у звычайную школу. Таму я ведаю, што такое наша бясплатная адукацыя і колькі яна каштуе рэальна бацькам.
Палітык заклікаў да «кантролю над міліцыяй», каб вырашыць праблему «садыстаў у пагонах».
— Я малады і поўны сіл, а мае канкурэнты старыя i абцяжараныя адмоўным досведам.
Вытрымкі з выступаў яго канкурэнтаў — лідараў праўладных партый Мікалая Улаховіча і Васіля Задняпранага — можна прачытаць тут.