Нафта падаражэла на фоне навін аб пагадненні Расіі і Саудаўскай Аравіі

05.09.2016 / 19:20

Цана на нафту падскочыла, пасля таго як Расія і Саудаўская Аравія падпісалі заяву аб супрацоўніцтве на рынку нафты.

Пасля абвяшчэння аб пагадненні нафта маркі Brent ненадоўга падаражэла адразу на 4%, аднак тут жа пачала таннець і спынілася на ўзроўні ў 47,31 даляра за бараль, што на 1% вышэй, чым падчас адкрыцця гандлю ў панядзелак.

Паводле заявы міністраў энергетыкі дзвюх краін, яны дамовіліся аб сумесных дзеяннях у мэтах падтрымання стабільнасці на рынку нафты і забеспячэння ўстойлівага ўзроўню інвестыцый у доўгатэрміновай перспектыве.

Расійскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак заявіў, што пагадненне, якое ўключае ў сябе дзеянні, накіраваныя на замарозку здабычы нафты, носіць гістарычны характар.

«З нашым калегам міністрам мы дамовіліся, што найбольш эфектыўным на сёння бачым інструменты замарозкі, якія могуць быць рэалізаваныя», — падкрэсліў ён на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння саміта G20 ў кітайскім горадзе Ханчжоў.

Аднак міністр энергетыкі, прамысловасці і мінеральных рэсурсаў Саудаўскай Аравіі Халед бен Абдэль Азіз аль-Фалех заявіў, што замарозка здабычы цяпер не з'яўляецца неабходнай.

«Замарозка — адна з найбольш пажаданых магчымасцяў, аднак у цяперашні час яна не неабходная», — заявіў ён тэлеканалу Аль-Арабія.

«Сітуацыя на рынку становіцца лепшай, і мы заўважылі, што цэны адлюстроўваюць гэта», — дадаў ён.

У пачатку 2016 года цэны на нафту ўпалі да самага нізкага ўзроўню амаль за 13 гадоў з-за перанасычэння рынка, і яны па-ранейшаму значна ніжэйшыя, чым цана ў 110 даляраў, зафіксаваная ўсяго толькі два гады таму.

Краіны, якія ўваходзяць у АПЕК, спрабуюць дамовіцца аб замарозцы здабычы нафты з канца мінулага года. Пакуль гэтыя перамовы безпаспяховыя.

Большасць краін, якія вырабляюць нафту, гатовыя падтрымаць угоду. Выключэннем застаецца Іран, які ў апошнія месяцы пачаў выходзіць на нафтавы рынак пасля шматгадовай адсутнасці, выкліканай санкцыямі ЗША і ЕС.