Хлопец з Віцебска можа сесці на 8 гадоў за хентай у сацсетцы
06.09.2016 / 21:17
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 20-гадовага жыхара Віцебска, які размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэаролікі ў жанры хентай. Пра гэта паведамляюць «Народныя навіны Віцебска» са спасылкай на прадстаўніцу СК Святлану Сахараву.
anime.com
Малады чалавек на працягу двух гадоў збіраў упадабаныя ролікі хентай i выкладваў у сябе на старонцы «з мэтай распаўсюджвання». Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці прыйшла да высновы, што відэаролікі ўтрымліваюць розныя сцэны палавых зносін і адносяцца да парнаграфічных з удзелам непаўналетніх.
Мужчына раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за распаўсюд парнаграфіі праз інтэрнэт. Яму выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 343-1 КК (Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
***
Хентай — жанр японскай анімацыі (анімэ), коміксаў (мангі), а таксама малюнкаў адпаведнай стылістыкі, асноўным элементам якіх з'яўляюцца эратычныя ці парнаграфічныя сцэны.