Тозік: Трэба мяняць фармат працы спартыўных школ

07.09.2016 / 15:34

Неабходна мяняць фармат працы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Такое меркаванне выказаў старшыня федэрацыі плавання Анатоль Тозік сёння ў час сумеснага пасяджэння калегіі Мінспорту і НАК Беларусі.

«Усе прысутныя спецыялісты са спорту ведаюць, што трэба рабіць для больш эфектыўнага выступлення на міжнароднай арэне, але не многія ведаюць, як менавіта гэтага дасягнуць. Прапаную пачаць з плавання. На мой погляд, неабходна мяняць фармат працы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, даць ім больш гаспадарчай самастойнасці. ДЮСШ павінны спрабаваць зарабляць грошы самі і выкарыстоўваць гэтыя сродкі для заахвочвання трэнераў, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы», — сказаў Анатоль Тозік.

Па словах старшыні федэрацыі, у Беларусі досыць вялікая колькасць дзяцей не ўмее плаваць. «Усе мы цудоўна ведаем, што выдатныя спартсмены выходзяць з масавага спорту, але 40% школьнікаў не ўмеюць плаваць. Больш за палову раёнаў Беларусі не маюць стандартных 25-метровых басейнаў», — адзначыў ён. На думку Анатоля Тозіка, будаўніцтвам басейнаў у невялікіх населеных пунктах магла б заняцца дзяржава, тады як у буйных гарадах - прыватныя інвестары.

На мінулых летніх Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра беларускія плыўцы заваявалі адзін медаль. У фінальным заплыве на 50 м вольным стылем бронзавым прызёрам стала Аляксандра Герасіменя.