У медыцынскім універсітэце інтэрнатаўцаў прымушаюць з'язджаць да 12 верасня або пісаць тлумачальную

09.09.2016 / 20:19

У БДМУ інтэрнатаўцаў прымушаюць прагаласаваць датэрмінова і з'язджаць уключна да 12 верасня. Пра гэта «НН» на ўмовах ананімнасці паведаміў студэнт медыцынскага ўніверсітэта.

Фота Дзяніса Валянскага, tut.by

Па ягоных словах, без усякіх тлумачэнняў студэнты не павінны быць у інтэрнаце па 12 верасня ўключна. Калі па нейкіх абставінах студэнт застаецца ў Мінску, то ён будзе вымушаны напісаць тлумачальную, дзе павінен пазначыць паважную прычыну.

«Калі спыталі, што рабіць 12 верасня, бо гэта панядзелак і будуць пары, то адміністрацыя ўніверсітэта адказала, што пары не з'яўляюцца паважнай прычынай».

Імаверна, што прычынай мер з'яўляецца акцыя грамадскага дзеяча Мікалая Статкевіча «За свабодныя выбары», якая пройдзе 12 верасня ў 18:00 на Кастрычніцай плошчы Мінска.

Калі вы валодаеце інфармацыяй пра парушэнні правілаў правядзення выбараў, ці вас прымушаюць ісці галасаваць — дасылайце ананімна тэкст, фота, відэа праз кнопку «Даслаць навіну» на галоўнай старонцы nn.by, альбо праз сацыяльныя сеткі Укантакце, Фэйсбук ці Твітар.

nn.by