Суздальцаў абураецца, што Беларусь спрашчае візавы рэжым з Еўрасаюзам

12.09.2016 / 16:23

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, у свой час дэпартаваны з Беларусі, напісаў на сайце Lifenews калонку, прысвечаную «транзітным казусам саюзных стасункаў Расіі і Беларусі».

«Фармальна паміж Беларуссю і Расіяй ніякай мяжы няма, але часцяком наш добразычлівы сусед выступае ў ролі своеасаблівага шлюза для з'яўлення на нашай тэрыторыі грамадзян з краін, з якімі ў нас як раз ўсталяваны візавы рэжым», — тлумачыць ён і прыводзіць прыклады. Маўляў, Беларусь павялічвала колькасць авіярэйсаў у Тбілісі і Кіеў, калі тыя мелі напружанасць у адносінах з Расіяй.

«Дзіўныя рэчы адбываюцца. Быццам бы Расія і Беларусь — саюзныя дзяржавы без межаў, але бязвізавыя рэжымы мы адкрываем, абсалютна не раячыся адзін з адным. Так узнікае маса неспадзяванак, і людзі, якіх мы не хацелі б бачыць у Расіі, цалкам спакойна купляюць у Мінску квіткі на цягнік і едуць да нас, чаму мы ніяк не можам перашкаджаць», — наракае Суздальцаў.

Нагода публікавання калонкі нібыта ў тым, што Польшча і Расія спынілі малы прымежны рух. Аднак палітолаг пераводзіць тэму на рашэнні беларускіх уладаў:

«Узнікла яшчэ адна праблема ў сувязі з тым, што Беларусь знаходзіцца на стадыі прыняцця цэлага шэрагу паправак да заканадаўства, дзякуючы якім грамадзяне еўрапейскіх краін атрымаюць магчымасць па прылёце ў Беларусь купляць прама ў аэрапорце візу і знаходзіцца там абсалютна свабодна. І ўсё гэта ізноў жа не ўзгадняецца з Расіяй, пры тым, што для ўсіх відавочна — галоўная цікавасць гэтых людзей не Мінск, да якога ў Захаду даволі абмежаваныя эканамічныя інтарэсы, а Расія. Вядома, фармальна ніякіх памежнікаў на мяжы Расіі і Беларусі быць не можа, але нейкі кантроль мы ўсё ж вымушаныя ажыццяўляць у сувязі з недаверам да Мінска ў гэтым пытанні».

БЮ