Прэм'ер-міністр Брытаніі мае намер зрабіць першы крок на шляху вываду краіны з ЕС
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй мае намер зрабіць першы крок на шляху выхаду краіны з ЕС, паведамляе Financial Times. Гаворка ідзе аб «вялікім законе адмены», як выказалася Мэй у інтэрв'ю Sunday Times, які «зноў зробіць Вялікабрытанію суверэннай і незалежнай дзяржавай».
02.10.2016 / 13:14
Фото: Frank Augstein/AP
Гаворка ідзе пра адмену Акта аб еўрапейскіх супольнасцях 1972 года, які ўвёў у дзеянне заканадаўства Еўрапейскага саюза на тэрыторыі Вялікабрытаніі.
Чакаецца, што брытанскі прэм'ер абвесціць аб увядзенні закона, які адмяняе Акт, на штогадовай канферэнцыі Кансерватыўнай партыі ў Бірмінгеме ў нядзелю. Інфармацыя аб адмене гэтага Акта таксама будзе ўключана ў штогадовую прамову каралевы.
«Улада законаў ЕС у Вялікабрытаніі скончыцца», — дадала яна.
У чэрвені гэтага года ў Вялікабрытаніі прайшоў рэферэндум аб выхадзе краіны з Еўрапейскага саюза. За тое, каб краіна пакінула ЕС, выказалася большасць — 51,9% жыхароў.
На пачатку верасня Мэй заявіла, што Брытанія павінна быць гатовая да «цяжкіх часоў» у сувязі з Brexit. Пры гэтым яна выказала ўпэўненасць, што краіна «набудзе выгаду» ад выхаду з ЕС.