У Мінску маці першакласніцы пабіла медсястру

06.10.2016 / 10:47

Звычайны планавы агляд на педыкулёз вучняў адной са школ Фрунзенскага раёна ў Мінску скончыўся бойкай. Маці першакласніцы накінулася на медсястру, учапіўшыся ў валасы. Яе абурыў той факт, што да дзіцяці асмеліліся дакрануцца і правесці праверку, не сказаўшы пра гэта бацькам.

Спачатку раз'юшаная маці накіравалася ў мясцовую паліклініку, дзе гучна патрабавала звальнення медработніка. Слухаць довады, што згода дарослых неабходна толькі ў выпадку правядзення вакцынацыі, пры аказанні медыцынскай дапамогі або шпіталізацыі, не жадала.

На наступны дзень прыйшла ўжо ў школу, уварвалася ў кабінет медсястры і замкнула дзверы на ключ знутры. Пагрозы, абразы, фізічная агрэсія…

Нейкім цудам медсястры ўсё ж удалося вырвацца. Настаўнікі выклікалі міліцыю. У паліклініцы кажуць, што за ўсе гады працы падобных інцыдэнтаў не было ні разу і такія абуральныя паводзіны не павінны застацца беспакаранымі.

У дзень праверкі на педыкулёз у школе працавала цэлая брыгада медсясцёр, праверылі больш за палову ўсіх навучэнцаў, ні ў каго гэта не выклікала прэтэнзій.

У медсястры зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні: раны на шыі, вырваныя валасы. Дзяўчына напісала заяву ў міліцыю.