Справу «Мілкавіты» супраць журналіста Associated Press Юрася Карманава перадалі ў эканамічны суд

06.10.2016 / 11:42

Суд Маскоўскага раёна Мінска прыпыніў разгляд пазову гомельскага завода «Мілкавіта» супраць журналіста агенцтва Associated Press Юрася Карманава. Справу будзе разглядаць Эканамічны суд Мінска. Напярэдадні хадайніцтва пра гэта заявіў адвакат адказчыка Сяргей Зікрацкі.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Прадстаўнік адказчыка спасылаўся на Гаспадарчы працэсуальны кодэкс і тлумачыў, што па законе пазовы аб абароне дзелавой рэпутацыі прадпрыемстваў павінны разглядаць эканамічныя суды. Такім чынам, ён папрасіў прыпыніць вытворчасць. Суддзя вырашала да раніцы і сёння задаволіла хадайніцтва.

Дата новага разгляду справы пакуль невядомая.

Паўгода таму журналісты агенцтва Associated Press праверылі якасць сельгаспрадукцыі на чарнобыльскіх тэрыторыях: узялі малако ў фермера з Хойніцкага раёна, які здае сваю прадукцыю на завод «Мілкавіта», аддалі яго на даследаванне. Тэсты паказалі перавышэнне нормы па стронцыю-90 у дзесяць разоў.

На малаказаводзе лічаць, што матэрыял AP псуе іх дзелавую рэпутацыю. Яны хочуць, каб агенцтва не толькі само апублікавала абвяржэнне, але яшчэ прымусіла зрабіць гэта сем іншых беларускіх, расійскіх і польскіх выданняў, якія перадрукавалі расследаванне ў сябе.

Юрась Карманаў упэўнены, што яго расследаванне было праведзена па ўсіх правілах журналістыкі, а ў апублікаваным матэрыяле было адлюстравана і меркаванне прадстаўнікоў «Мілкавіты».