Шайгу: Расія ўжыла ў Сірыі найноўшыя крылатыя ракеты X-101

06.10.2016 / 12:43

Расія ўжыла ў Сірыі найноўшыя ракеты паветранага базіравання X-101, распавёў на вайскова-тэхнічнай канферэнцыі міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. Яго цытуе «Інтэрфакс».

«Самалёты стратэгічнай авіяцыі ў рэальнай баявой абстаноўцы ўпершыню ўжылі новыя ракеты паветранага базіравання Х-101 з далёкасцю дзеяння да 4,5 тысяч кіламетраў», — сказаў ён.

Таксама міністр расказаў, што ў Сірыі расійская армія атрымала практычны вопыт стрэльбаў высокадакладнай зброяй вялікай дальнасці з надводных караблёў і падводных лодак з акваторый Каспійскага і Міжземнага мораў.

У лістападзе мінулага года, крыху больш чым праз месяц пасля пачатку расійскай ваеннай аперацыі ў Сірыі, брытанскае выданне Jane's Information Group пісала, што Расія ўпершыню ўжыла найноўшыя крылатыя ракеты X-101. Эксперты змаглі апазнаць гэтыя ракеты на відэазапісе Мінабароны РФ. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не было.

Ракеты X-101 распрацоўваліся ў падмаскоўнай Дубне, у машынабудаўнічым канструктарскім бюро «Радуга», якое ўваходзіць у ААТ «Карпарацыя тактычнае ракетнае ўзбраенне», ад 1995 па 2013 год. Далёкасць палёту ракеты - звыш пяці тысяч кіламетраў. Існуе таксама мадыфікацыя ракеты X-102, якая можа несці ядзерную боегалоўку.