Эдуарда Пальчыса з 1863x.com судзіць былы вайсковы суддзя, каля будынку збіралі подпісы пратэсту
абнаўлялася анлайн
Працэс, які будзе праходзіць у закрытым рэжыме, мае пачацца а 10-й. А 9:00 Зміцер Дашкевіч распачаў каля будынка суда збор подпісаў у абарону Эдуарда.
14.10.2016 / 06:36
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) пачынаецца разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com. 25-гадовага Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер, судзяць у закрытым рэжыме. Блогеру пагражае да пяці гадоў абмежавання волі або да 4 гадоў пазбаўлення волі. Эксперты мяркуюць, што знакавы суд мае палітычны характар. Яго мэта — паказаць Расіі, што ўлады РБ гатовыя і надалей душыць беларускі нацыяналізм.
Пасля завяршэння суда стала вядома, што ён працягнецца а 10-й 17 кастрычніка, у панядзелак. Пяцёра чалавек з пікетам да апошняга стаялі ля будынка суда ў падтрымку Пальчыса.
12:57
Абвешчаны перапынак да 14:00
12:03
12:00
Каля будынку працягваюць скандаваць пікетоўцы. Яны спадзяюцца, што Пальчыс іх чуе. Нікуды не адыходзіць і жонка Пальчыса.
10:34
«Эдуард, мы з табой! Трымайся!» — скандуюць удзельнікі пікету ў падтрымку Пальчыса. «Свабоду палітвязням», «Дайце волю і свабоду беларускаму народу».
10:28
Бацькі сп. Аляксандр і сп. Антаніна таксама сказалі, што ганарацца сынам і падтрымліваюць яго. Яны падзякавалі журналістам за падтрымку.
10:08
Міліцыя складае пратаколы.
Да суда прыйшлі праваабаронца Алесь Бяляцкі, намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.
10:03
У акцыі каля будынка суда бяруць удзел восем чалавек: Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец, Дзяніс Садоўскі, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі. Трымаюць тры бел-чырвона-белыя сцягі.
09:28
Зміцер Дашкевіч распачаў збор подпісаў у падтрымку Эдуарда, каб перадаць потым адвакату. Да суда падышлі таксама пяць жыхароў Мінска, экс-палітвязень Мікола Аўтуховіч.
Жонка Эдуарда Вікторыя
09:10
Прэсу ў будынак суда не прапускаюць, матывуючы, што «няма дазволу».
09:05
Каля будынка суда пакуль нікога няма, толькі пару чалавек у цывільным і міліцэйскі патруль.
Паводле інфармацыі «НН», Пальчыса этапавалі з СІЗА на Валадарскага ў будынак сёння на досвітку.
На кожным паверсе суда — ахова.
Судзіць Эдуарда будуць на 4-м паверсе, у зале №8. Суддзя — Ігар Любавіцкі. Любавіцкі быў прызначаны суддзёй Мінскага гарадскога ў 2014 года, да гэтага займаў пасаду суддзі Барысаўскага міжгарнізоннага вайсковага суда.
Магчыма, Ігар Вячаслававіч Любавіцкі — гэта сын Вячаслава Любавіцкага, былога галоўнага вайсковага пракурора Беларусі, але «Наша Ніва» пакуль не праверыла гэтай інфармацыі.
Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.
Эдуард быў затрыманы ў студзені 2016 г. у Расіі, а ў маі блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў адразу ўзяты пад варту.
25 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, прызналі экстрэмісцкімі.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў крымінальным пераследзе Эдуарда Пальчыса ёсць палітычны матыў уладаў, які мае на мэце спыненне ягонай публічнай дзейнасці ці прымус да змянення яе характару. Яны запатрабавалі вызвалення Пальчыса.
Таксама напярэдадні суда міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала ўлады Беларусі вызваліць Пальчыса «неадкладна і без усялякіх умоваў».
Раней грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч заклікаў «зладзіць перад будынкам суда шоу».
Дашкевіч заявіў, што будзе а 9-й збіраць подпісы за вызваленне Пальчыса, каб потым а 10-й далучыць іх да крымінальнай справы.
«Наша Ніва» плануе весці з-пад сценаў суда анлайн-рэпартаж.