Трамп прапанаваў Клінтан прайсці тэст на наркотыкі перад дэбатамі
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што і ён, і яго суперніца на выбарах Хілары Клінтан перад наступнымі тэледэбатамі павінны прайсці тэст на наяўнасць наркотыкаў у крыві.
16.10.2016 / 09:20
Фота: Robyn Beck, AFP, Scanpix, LETA; Justin Sullivan, Getty Images, AFP, Scanpix, LETA
Падчас выступу перад выбаршчыкамі ў Нью-Гэмпшыры, Трамп выказаў здагадку, што Клінтан перад папярэднімі дэбатамі прымала нейкія прэпараты, таму што спачатку, паводле яго слоў, яна была ўся на ўзводзе, а ў канцы ледзь магла дайсці да машыны.
«Я не вельмі разумею, што з ёй робіцца. У пачатку мінулых дэбатаў яе быццам напампавалі, а вось у канцы яна выглядала так, быццам прасіла звесці яе са сцэны. Яна ледзь змагла самастойна дайсці да машыны, — заявіў Трамп. — Мы як спартсмены. Іх жа прымушаюць праходзіць тэсты на наркотыкі. Я думаю, што мы таксама павінны праверыцца на наркотыкі перад дэбатамі», — заявіў Трамп.
Заключныя тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты ЗША запланаваны на 19 кастрычніка, яны пройдуць у Лас-Вегасе.
11 верасня Хілары Клінтан стала кепска на цырымоніі памяці ахвяр тэрактаў у Нью-Ёрку ў 2001 годзе, і яна пайшла, не чакаючы завяршэння мерапрыемства. Перад машынай у Клінтан падкасіліся ногі і яна ледзь не ўпала. Памочнікі і ахова дапамаглі ёй сесці ў аўтамабіль.
Афіцыйны прадстаўнік выбарчага штаба Клінтан заявіў тады, што кандыдат у прэзідэнты перагрэлася і паехала ў кватэру дачкі. Асабісты доктар Клінтан Ліза Бардэк пазней паведаміла, што ў экс-дзяржсакратара была дыягнаставана пнеўманія. Паводле яе слоў, Клінтан выпісалі антыбіётыкі, рэкамендавалі адпачываць і скарэктаваць графік. У сувязі з гэтым Клінтан адмяніла шэраг запланаваных мерапрыемстваў.