У Маскве паставілі помнік атамнай бомбе 

22.10.2016 / 09:04

Першая серыйная савецкая атамная бомба РДС-4 з'явілася на алеі герояў Савецкага Саюзу ў маскоўскіх Кузьмінках, паведамляе мясцовая прэфектура 

Алея была адкрытая ў верасні гэтага года да Дню горада ў скверы імя героя Савецкага Саюза Фёдара Палятаева.

РДС-4 (таксама вядомая як 8У69 ці «Таццяна») - імплазіўная атамная бомба, якая выкарыстоўвала плутоній-239. Упершыню была выпрабаваная ў 1953 годзе і была на ўзбраенні да 1956 года. Маса бомбы - 1.200 кг, магутнасць выбуха - 28 кілатон.

Таксама ў алеі стаяць верталёт Мі-8, танк Т-80, бранетранспарцёр БТР-60.

Аднак у Маскве стаіць хутчэй помнік атамнай бомбе, а не экспанат сярод іншых узораў ваеннай тэхнікі.

Сапраўдная бомба РДС-4 выглядае так.

Менавіта бомба РДС-4 выкарыстоўвалася падчас Тоцкіх вучэнняў у верасні 1954 года пад кіраўніцтвам маршала Г.Жукава. Лічыцца, што падчас вучэнняў 45.000 жаўнераў і каля 10.000 мясцовых жыхароў атрымалі небяспечныя дозы радыёактыўнага заражэння.

На вучэннях адпрацоўваўся наступ войск праз зону атамнага ўдара, які выкарыстоўваўся для прарыва варожай абароны.

Падобныя вайсковыя вучэнні праводзіліся і ў ЗША - аперацыі пад кодавым назовам Desert Rock, аднак Тоцкія вучэнні адрозніваліся магутнасцю падарванай бомбы ў спалучэнні з праходам нічым неабароненых войск непасрэдна праз эпіцэнтр і пралётам баявой авіацыі праз грыбавіднае воблака выбуху.

Аляксандр Гелагаеў