Сем фактаў пра сем чыноўнікаў, якіх прызначыў Лукашэнка

25.10.2016 / 18:26

Аляксандр Лукашэнка зладзіў кадравы аўторак. Два дзясяткі чыноўнікаў атрымалі новыя пасады. «НН» сабрала цікавыя факты пра некаторых з іх.

Паслом у Германіі стаў «вундэркінд»

Фота euroradio.fm.

Год таму не стала пасла Беларусі ў Германіі Андрэя Гіро. Ён памёр ад анкалагічнага захворвання ў 48 гадоў. Увесь гэты час пасада прадстаўніка Беларусі ў ключавой краіне Еўрасаюза была вакантнай. Новаму паслу Дзянісу Сідарэнку 40 гадоў. Ён працаваў начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва пры МЗС. Досвед дыпламатычнай працы за мяжой Сідарэнка ўжо мае. Ён працаваў намеснікам кіраўніка беларускай дэлегацыі пры АБСЕ ў Вене. У структуры МЗС новапрызначаны пасол дастаткова даўно — ад 90-х гадоў. Калі ён толькі прыйшоў на працу, то яго называлі «вундэркіндам». Апошняе пацяпленне ў адносінах Беларусі і ЕС у тым ліку заслуга і Дзяніса Сідарэнкі.

Новы кіраўнік Ленінскага раёна разважаў пра праявы фашызму ва Украіне

Фота checherskivestnik.by.

На нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам гаворка ішла ў тым ліку пра ўладкаванне на працы дэпутатаў, якія не прайшлі ў новае скліканне парламента. Ад словаў перайшлі да справы. Былы дэпутат Пятро Шостак стаў кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Яму 50 гадоў, да абрання ў парламент займаў пасаду старшыні Рэчыцкага райвыканкаму. Пасля 4 гадоў у сталіцы вяртацца на Гомельшчыну Шостаку, мабыць, не дужа хацелася.

У адным з інтэрв’ю дэпутат Шостак выказаўся на тэму падзей ва Украіне: «Беларусь, Расія і Украіна з'яўляюцца брацкімі дзяржавамі, якія звязваюць повязі агульнай шматвяковай гісторыі. На супярэчнасцях, якія ўзнікаюць паміж намі, неаднаразова спрабавалі гуляць і выкарыстоўваць іх у карыслівых мэтах знешнія сілы. Становішча, якое склалася на тэрыторыі суседняй дзяржавы, ацэньваю як крытычнае, напружанае і нестабільнае. Карупцыя, усёдазволенасць, адсутнасць належнага кантролю з боку кіраўніцтва краіны за развіццём эканомікі прывялі да такіх рэалій. Праявы фашызму лічу недапушчальнымі, і змагацца з гэтым трэба ўсім светам», — казаў Шостак.

Давераную асобу Лукашэнкі прызначылі ў Брэсцкі аблвыканкам

Фота drogichin.by.

Алег Вялічка ў свой час таксама пабыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2008 — 2012). Апошнія чатыры гады ён быў галоўным урачом Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Цяпер ён зойме пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Адметна тое, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Алег Вялічка з’яўляўся даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Ён ездзіў з агітацыяй за кіраўніка краіны па гарадах і раёнах Брэстчыны.

З Адміністрацыі прэзідэнта — у Віцебскі аблвыканкам

Уладзімір Пенін прызначаны намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Да гэтага ў абавязкі чыноўніка ўваходзіла адказваць на лісты, якія прыходзяць у Адміністрацыю прэзідэнта. Там Пенін узначальваў упраўленне па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Самы малады кіраўнік раёна Мінска

Скрыншот з ok.ru.

37-гадовы Арцём Цуран прызначаны галавой Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Самага вялікага ў горадзе, адпаведна аднаго з самых праблемных. Цуран родам з Глыбокага, ён скончыў Беларускі педуніверсітэт імя Максіма Танка. Працаваў на «Мінскім заводе ацяпляльнага абсталявання». Апошнім часам ён быў начальнікам упраўлення арганізацыйна-кадравай работы ў Мінгарвыканкаме. Цуран быў сакратаром у Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Абураўся нейкай назіральніцай, якая забылася на ўчастку загадзя падрыхтаваную скаргу. Арцём Цуран карыстаецца сацсеткамі, прынамсі, ён мае акаўнты ў «Аднакласніках» і Фэйсбуку. У «Аднакласніках» адна з фотак падпісаная па-беларуску: «Спякота ў Феадосіі — 2009». Ні ў якіх суполках чыноўнік не ўдзельнічае, статусы таксама не піша.

Былую прадавачку прызначылі ў Мінгарвыканкам

Фота sb.by.

Ганна Мацельская крыху больш за год прабыла кіраўніком Цэнтральнага раёна Мінска, цяпер яе перавялі на працу ўпраўляючай справамі Мінгарвыканкама.

Спадарыні Мацельскай 46 гадоў. Яна родам з Валожыншчыны, з вёскі Мейшты, што недалёка ад Івянца. Пасля школы Ганна Мацельская паступіла ў Мінскае кааператыўнае прафтэхвучылішча, дзе правучылася год. Пасля будучую чыноўніцу размеркавалі ў Талачынскі раён.

Спачатку Ганна Мацельская працавала звычайнай прадавачкай, пасля — загадчыцай магазіна. Урэшце — інструктарам па арганізацыі і тэхніцы гандлю Талачынскага райспажыўсаюза. У 1997 годзе Ганна Мацельская скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці «таваразнаўца нехарчовых тавараў».

Крыміналіста — у ВАК

Фота law.bsu.by.

Аляксандр Гучок стаў намеснікам кіраўніка Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК). Яму 50 гадоў. Скончыў юрфак БДУ, потым быў дацэнтам кафедры крыміналістыкі. У 2003 годзе перайшоў на працу ў Генеральную пракуратуру. Займае пасаду намесніка дырэктара ДУ «НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральной прaкуратуры». У 2014 абараніўся на навуковае званне доктара юрыдычных навук на тэму «Крыміналістычнае вучэнне аб матэрыяльнай структуры злачынства». У БДУ выкладае «Методыку расследаванне асобных відаў злачынстваў».

Зміцер Панкавец