Мядзведзеў едзе ў Мінск, каб урэгуляваць газавую спрэчку

27.10.2016 / 08:57

Пералік Беларуссю даплаты за расійскі газ спалучаная з падпісаннем шэрагу пагадненняў, якія павінны прайсці праз урады дзвюх краін. Пра гэта паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч, піша tut.by. 

Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў. 8 верасня 2015 года. Фота: прэс-служба ўрада Беларусі

«У нас не падпісаныя пагадненні, бо яны павінны прайсці праз працэдуру пасяджэння ўрада. Так што будзем абмяркоўваць яшчэ», — сказаў Дварковіч.

А сродкі не пералічаныя, таму што «гэта павінна быць спалучана з падпісаннем пагадненняў па некаторых іншых тэмах». «Яны пакуль не падпісаныя, таму грошы не пералічаныя. Гэта спалучаныя пытанні проста», — адзначыў віцэ-прэм'ер.

Урэгуляванне газавага пытання чакаецца ў ходзе візіту прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева ў Мінск 27—28 кастрычніка. У беларускай сталіцы пройдзе пасяджэнне кіраўнікоў урадаў ЕАЭС і СНД. «Заўтра старшыня [ўрада Расіі] будзе ў Беларусі, я думаю, там адказы будуць атрыманыя», — сказаў на заканчэнне Аркадзь Дварковіч.

10 кастрычніка Мінск і Масква заявілі пра дасягнутыя дамоўленасці з Расіяй у сферы паставак энерганосьбітаў. Неўзабаве Беларусь адмяніла павышэнне тарыфаў на транзіт расійскай нафты, а Расія паабяцала павялічыць аб'ём паставак нафты. Акрамя таго, беларускі бок абяцаў пагасіць недаплату за расійскі газ у памеры 281 млн даляраў да 20 кастрычніка, казаў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык. Расія ў рамках захавання дзейнай кантрактнай цаны на газ паабяцала даць Беларусі міжбюджэтныя субсідыі. Мінск недаплочваў Маскве за пастаўлены газ, лічачы кантрактную цану несправядлівай.