МЗС: Заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС у інтарэсах абодвух бакоў

27.10.2016 / 18:26

Заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам у інтарэсах абодвух бакоў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык 27 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску.

26 кастрычніка падчас слуханняў па сітуацыі ў Беларусі ў Еўрапарламенце еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Карына Крэцу зачытала заяву кіраўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыкі Магерыні, у якой, у прыватнасці, гаварылася, што ЕС пакуль не гатовы пачаць перамовы з Беларуссю аб заключэнні базавага пагаднення.

«Не буду гэта ўспрымаць як адмову, — сказаў Мірончык. — Дыпламатычная практыка прадугледжвае прамы дыялог паміж партнёрамі, а не агучванне пазіцыі па такім важным пытанні з трыбун на трэціх пляцоўках».

Мірончык назваў ненармальнай сітуацыю, калі Беларусь і ЕС жывуць «па правілах, устаноўленых Еўрапейскімі аб'яднаннямі і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік больш за чвэрць стагоддзя таму».

«Будзем далей працаваць над гэтым пытаннем», — сказаў прэс-сакратар МЗС.