Эдуард Пальчыс: Я «русафоб» толькі таму, што не згодзен з Пуціным і «Лайфньюсам»
02.11.2016 / 18:15
Блогер Эдуард Пальчыс 28 кастрычніка выйшаў на волю пасля амаль 10 месяцаў, якія правёў за кратамі. Ён быў асуджаны на 1 год і 9 месяцаў зняволення без накіравання ў папраўчую ўстанову. Гэта значыць, што яго яшчэ чакае каля месяца так званай «хатняй хіміі». Адзін дзень у СІЗА ідзе як два на «хіміі».
Эдуард Пальчыс, таксама вядомы пад нікам Джон Сільвер, вёў папулярны патрыятычны сайт 1863x.com. У студзені сёлета ён быў затрыманы ў Расіі, пасля чаго пераведзены ў беларускае СІЗА.
31 кастрычніка Эдуард Пальчыс наведаў рэдакцыю «Нашай Нівы» і адказаў на пытанні журналістаў і чытачоў.
«Наша Ніва»: Якія вашыя першыя ўражанні на свабодзе?
Эдуард Пальчыс: Ды няшмат што змянілася. Толькі новыя грошы ды рознай рэкламы ў Мінску багата. Астатняе ўсё тое самае.
«НН»: Што было самым цяжкім за час зняволення?
ЭП: Для кожнага чалавека, які туды трапляе, — гэта інфармацыйная ізаляцыя. Калі ты жывеш у свеце інфармацыі, сувязі, кантактаў, то поўнае адсячэнне, нават ад родных, ад людзей, з якімі звыкся штодня кантактаваць, гэта нашмат горш за любыя ўмовы ці харчаванне.
«НН»: А бытавыя ўмовы былі кепскімі?
ЭП: У кожнай з пяці турмаў, дзе я пабываў, розныя. У прынцыпе, за два тыдні ты прывыкаеш да ўсяго і не звяртаеш увагі. У Расіі сядзець было больш складана, бо я там быў у поўнай ізаляцыі, не даходзілі лісты, мне там стварылі не самыя камфортныя ўмовы. Я сядзеў у «адстойніку», у якім людзі прабываюць некалькі дзён, а я сядзеў чатыры месяцы. Сядзеў з не раз судзімым гопнікам, які правакаваў на канфлікт. Прыходзілі псіхолагі, паліграфолагі. Нейкія мілыя цёці, якія адмаўляліся назваць сваё званне.
«НН»: Не глядзелі на вас скоса, што седзіце за «русафобію»?
ЭП: Нікому няма да гэтага справы. Калі ты не гвалтаваў дзяцей, то ўсім без розніцы. У Смаленску я бачыў такіх «русафобаў», у параўнанні з якімі я вельмі маленькі «русафоб».
«НН»: Як вы ўвогуле апынуліся ў Расіі ў студзені 2016-га?
ЭП: Я неаднаразова казаў, што вярнуся пры першай магчымасці. У 2016-м найлепшым часам быў люты. Здаецца, у гэты месяц разглядалася пытанне аб спыненні санкцый. Я планаваў прыехаць праз Расію, убачыцца з роднымі і пайсці здавацца ў Следчы камітэт. Я ехаў не ў Расію, а праз Расію. Асноўная мэта паездкі была такая — вярнуцца. Чаму мяне затрымалі? Я лічу, што гэта было не без удзелу ФСБ.
«НН»: То бок вас нехта падставіў?
ЭП: За мной сачылі, вялася аператыўная распрацоўка. І калі я думаў, што нікому не патрэбны і за мной ніхто не сочыць, то гэта аказалася няпраўдай. Пры перасячэнні мяжы да мяне падышла група людзей у цывільным, якія казалі, што я не сплаціў падаткі, і папрасілі прайсці з імі. Я ж у Расіі быў толькі праездам, ніколі не працаваў, адразу зразумеў, што нешта не так. Эфэсбэшнікі пачалі мяне ламаць, каб я даў паказанні, па якіх мяне маглі б пасадзіць у Расіі. У адказ на гэта я пачаў расказваць гісторыі, якія былі адна больш фантастычная за другую. Чатыры месяцы мы адзін аднаго спрабавалі пераіграць. Калі ім гэта надакучыла, то на сайце «Спутнік і пагром» надрукавалі інфармацыю пра мяне.
«НН»: Гэта невыпадкова, што «Спутнік і пагром» першым надрукаваў ваш здымак?
ЭП: Там было такое «прыгожае» фота. Мяне здымалі ў СІЗА Бранска. Тыя рэчы, што я паляк, што ехаў на працу ў Расію — гэта тыя казкі, якія я расказваў следчым. Гэты артыкул — простае сведчанне супрацоўніцтва «Спутніка і пагрома» з ФСБ. Фота для ўнутранага карыстання ў СІЗА. Калі Авер’янаў-Мінскі пісаў, што я этнічны паляк, то ён, відавочна, этнічны мудак. У яго КДБ забраў беларускі пашпарт. Я ў «беларускі» Бранск ехаць не збаяўся, а ён у «рускі» Мінск — баіцца.
«НН»: Вы маглі б далей сядзець у Польшчы ці Украіне, навошта вам было вяртацца?
ЭП: 15 гадоў? Мне было б больш камфортна тут адседзець у турме, чым 15 гадоў жыць не на радзіме.
«НН»: Чым вы думаеце займацца зараз?
ЭП: Калі мне вернуць тэхніку, то пачну ўладкоўвацца на працу. Закон пра «дармаедаў» агульны для ўсіх. Хацелася б уладкавацца на працу, звязаную з інфармацыяй.
«НН»: Сайтам 1863x.com будзеце па-ранейшаму займацца?
ЭП: Канечне буду. Калі я пісаў ананімна, то гэта быў пэўны вобраз, лексіка, гульня, то цяпер, калі мяне ўсе ведаюць, пісаць давядзецца больш тонка, культурна.
«НН»: Вы моцна крытыкавалі апазіцыю на сваім блогу, пасля апазіцыя выйшла вас падтрымаць. Не змянілі свайго стаўлення?
ЭП: Я асабіста не ведаю лідараў апазіцыі, я ніколі не быў у гэтых тусоўках. Можа быць, гэта ўсё святыя людзі, якія ратуюць коцікаў, пераводзяць бабуль праз дарогу, але як палітыкі не хочуць кардынальна нешта мяняць. Але ім давяраюць людзі, за імі ідуць пад дубінкі, яны павінны разумець адказнасць. Я за гэта іх крытыкую. Не бачу сёння сэнсу з кімсьці з іх сустракацца. Я заўсёды быў адзіночкай і максімум з кім раіўся — гэта з жонкай. Я, на жаль, не вельмі камандны гулец. Не збіраюся ствараць партыі. Калі я стварыў блог, а ўжо праз пяць месяцаў да мяне прыйшлі, то калі я ствару партыю, лепш я адразу збяру рэчы і пайду ў Жодзіна.
«НН»: Вы сказалі пяць месяцаў? То бок першы наезд быў не ў маі летась, а раней?
ЭП (маўчанне): Я праз падпіскі аб неразгалошванні не магу ўсё расказаць.
«НН»: Чаму вы адмаўляліся падчас працэсу ад паслуг адвакаткі Ганны Бахціной? Але ўрэшце яна вас абараняла.
ЭП: Не тое, каб адмаўляўся, на час спыніў паўнамоцтвы. У мяне быў вельмі нестандартны следчы, у якога была дзікая алергія на адвакатаў. Каб хутчэй закрыць справу і яна была перададзена ў суд, я на час адмовіўся ад паслуг адваката.
«НН»: Калі была б магчымасць вярнуцца назад, то нешта змянілі б?
ЭП: Пастараўся, каб мяне не знайшлі ў першы раз. Я дакладна не ведаю, чаму мяне знайшлі. Але думаю, што я крыху згультаіў і не ў тым месцы змяніў сім-карту на тэлефоне. У спецслужб вялікі інструментарый адносна таго, каб кагосьці знайсці і злавіць. Пачынаючы ад праслухоўвання, сканчваючы маніторынгам інтэрнэту. Пры жаданні можна знайсці любога. Калі нехта захоча зрабіць падобны сайт, то звяртайцеся да мяне, я раскажу ўвесь свой досвед і памылкі.
«НН»: Вас часта ж абвінавачвалі, што вы агент КДБ.
ЭП: Так, і мяне гэта абражала, бо з дзяцінства я марыў быць агентам ААЦ (жартуе).
«НН»: Якія кнігі вы чыталі ў турме?
ЭП: Абсалютна розныя. Сёння ты чытаеш Данцову, заўтра — Гюго. Я ўпершыню прачытаў «Знесеных ветрам» — мне спадабалася.
«НН»: Калі і для чаго вы заводзілі сайт 1863x.com?
ЭП: Гэта было восенню 2014 года. Калі я ствараў яго, то не планаваў, што блог будзе нехта чытаць. Чаму стаў пісаць? У той час у Беларусі пайшла ўласная замежная палітыка, не былі прызнаныя «ДНР» і «ЛНР». Пасля гэтага пачалася першая хваля інфармацыйнай атакі на нашу краіну. Я быў такім самым, як тысячы іншых чытачоў «НН». Я бачыў, што механізм запушчаны. Усе гэтыя «Рэгнумы», «Спутнікі», суполкі Укантакце «Мінская народная рэспубліка». Па апытаннях НІСЭПД, толькі 17% былі гатовыя абараняць сваю краіну. Мяне абурала, што нават у інтэрнэце людзі не могуць адказаць расійскай палітызаванай суполцы.
«НН»: Вы выкарыстоўвалі ў змаганні тыя ж метады, што і яны. Якая на гэта была рэакцыя?
ЭП: Гэта іх вельмі нервавала. Яны лічылі, што толькі яны могуць праяўляць агрэсію. Гэта псіхалогія гопніка. Калі да сняданку я не атрымліваў пяць пагроз, то дзень праходзіў не вельмі ўдала.
«НН»: Вы спадзяваліся на вызваленне ў зале суда?
ЭП: Адвакатка настройвала на пазітыў, але сам ты знаходзішся ў ізаляцыі. Я думаў, што буду сядзець.
«НН»: Эдуард, чаму вы гаворыце па-руску? Гэта нармальна, калі беларускі нацыяналіст гаворыць па-руску?
ЭП: Так. Калі мы хочам быць эфектыўнымі, то павінны разумець, што такое масы. Мы павінны па маркетынгавых правілах падыходзіць да ўсяго. Беларускую мову прапагандаваць можна і на рускай мове. І я гэтым займаюся. Я цудоўна валодаю беларускай мовай асабіста.
«НН»: За апошнія два гады «рускага свету» ў Беларусі стала болей ці меней?
ЭП: Складана сказаць. У нас адсутнічае інстытут сацыялогіі. Мне здаецца, што рускага свету становіцца менш. Нават БТ у 2008 і 2016 гадах — гэта розныя тэлеканалы. Паступова нешта мяняецца. На расійскіх каналах усё зводзіцца да вайны: вайна-вайна-вайна. Пагроза ёсць для ўсіх суседзяў Расіі. Нельга проста так нашпігоўваць людзей. Гэтая пагроза ёсць як звонку, гэтак і знутры.
«НН»: Дык вы русафоб?
ЭП: Я магу быць русафобам толькі ў гумарыстычным значэнні. Русафоб сёння — гэта кожны, хто не згодны з палітыкай Пуціна і тым, што гаворыць «Лайфньюс». У мяне шмат сяброў у Расіі, многія палітыкі выклікаюць сімпатыю. Я хачу пажадаць Расіі міру і росквіту, стаць такой Канадай. Займайцеся сваімі дарогамі, справамі, не лезьце да іншых.