Парашэнка выбачыўся за інцыдэнт з самалётам «Белавія»

10.11.2016 / 21:48

Сёння па ініцыятыве ўкраінскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, паведамляе прэс-служба беларускага лідара.

Reuters

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня двухбаковых адносін, перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Адзначана, што праца па ліквідацыі бар'ераў ва ўзаемным гандлі вядзецца ў канструктыўным рэчышчы. Добрай пляцоўкай для абмеркавання не толькі праблемных тэм, але і перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння з'яўляецца міжурадавая змяшаная камісія, якая працавала 10 лістапада ў Мінску.

Прэзідэнты абмеркавалі вынікі мінулага пасяджэння і выказаліся за працяг адпаведнага прадуктыўнага ўзаемадзеяння па выбудоўванні гандлёва-эканамічных адносін. Адзначана, што, нягледзячы на зніжэнне ў апошні час двухбаковага тавараабароту, існуе станоўчая дынаміка, якую неабходна замацаваць.

Лукашэнка і Парашэнка дамовіліся пра асабістую сустрэчу. Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Украіны дадзенае даручэнне вызначыць адпаведную дату для арганізацыі мерапрыемства на вышэйшым узроўні, якое запланавана правесці да заканчэння гэтага года.

Акрамя таго, Пятро Парашэнка прынёс прабачэнні за інцыдэнт з грамадзянскім самалётам авіякампаніі «Белавія» і праінфармаваў кіраўніка Беларусі, што вінаватыя пакараныя. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што адпаведныя службы ў бліжэйшы час правядуць кансультацыі аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі для прадухілення падобных інцыдэнтаў надалей.

Прэзідэнты абмеркавалі і арганізацыю работы па мірным вырашэнні канфлікту ва Украіне. Беларускім бокам створаныя неабходныя ўмовы для плённай працы трохбаковай кантактнай групы. Парашэнка ў сувязі з гэтым выказаў поўнае задавальненне і ўдзячнасць Беларусі за садзейнічанне. Адзначана, што Беларусь і далей гатова рабіць усё, каб ва Украіне запанаваў мір.

Прэзідэнт Украіны таксама закрануў тэму падтрымкі шэрагу ўкраінскіх ініцыятыў на міжнародных пляцоўках, у прыватнасці ў ААН. Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што ўсе пазначаныя пытанні будуць старанна вывучаныя, зыходзячы з кантэксту двухбаковых адносін, сітуацыі ў рэгіёне і свеце ў цэлым і цвёрдай нацэленасці Беларусі на вырашэнне ўсіх праблем мірнымі і дыпламатычнымі спосабамі.

nn.by